Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Россия ночью нанесла массированный удар по Украине: в Киеве — восемь погибших, в том числе двое детей, и десятки пострадавших
  2. Заморозки и мокрый снег: синоптики рассказали о погоде в Беларуси в ближайшие три дня
  3. Однажды беларусы вышли на протест и остановили движение поездов. Против них грозились бросить даже союзные войска: что тогда случилось
  4. Новые станции рискуют всплыть из-под земли, «как корабль». На строительстве метро в Минске возникли сложности
  5. Москва для прекращения огня и заключения мирного соглашения выдвигает условия, которые позволят ей вновь вторгнуться в Украину, — эксперты
  6. В базу «тунеядцев» включают тех, кого там не должно быть. Есть категории населения, у которых повышенные шансы на такое внимание
  7. Власти готовят список самых выдающихся беларусов в истории. В него попал очень спорный человек — за его решения стыдно до сих пор
  8. Что происходит с заводом, который бросили американцы, а Кочанова говорила им вслед — «пусть уходят — справимся»
  9. Reuters опубликовало «окончательное предложение» США Украине и РФ. Киев и ЕС представили альтернативный план
  10. «Владимир, остановитесь!» Трамп обратился к Путину после ударов по Киеву
  11. «Наша Ніва»: У 41 год памёр супрацоўнік мінскага АМАП
  12. Сотні тысяч беларусаў сачылі за хлопцам, якому дзяўчына дапамагала аднаўляцца пасля страшнай аварыі. Яны разышліся
  13. «Надо рожать: трое, четверо, а лучше — пятеро». Лукашенко рассказал, что надо делать, чтобы в Беларусь не приглашали трудовых мигрантов
  14. «Получаем обрывки информации». Сестра Марии Колесниковой рассказала последние новости от нее
  15. Беларус попытался обменять в банке настоящие купюры, которые привез из-за границы отец, но везде отказали. Почему?
  16. Власти признали в отчете для Лукашенко, что загнали себя в угол — пришлось пустить под нож одну из отраслей, чтобы не накрыло все сферы
Читать по-русски


/

Улады адмаўляюць, што ў Беларусі ёсць чорныя спісы. Аднак на практыцы ўсё іначай. Вельмі часта грамадзянам, якія ў 2020-м выходзілі на мірныя акцыі пратэсту ці падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў, уладкавацца і працаваць у дзяржарганізацыі праблематычна. Сям’я Алены з невялікага райцэнтра ў Брэсцкай вобласці сутыкнулася з гэтым асабіста. З моманту папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў прайшло ўжо 4,5 года, а яе брат, адгукаючыся на вакансіі, усё яшчэ сутыкаецца з адказам: «Вас не ўзгадніў аддзел бяспекі».

Снимок используется в качестве иллюстрации. Фото: TUT.BY
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Імёны герояў публікацыі змененыя дзеля іх бяспекі.

Брату Алены Яўгену за трыццаць, і ў яго рабочая спецыяльнасць. Ён з сям’ёй жыве ў невялікім раённым горадзе Беларусі і не плануе з’язджаць. Жанчына адзначае, што яе сваяк любіць свой горад, ды і грошай няма, каб пачынаць жыццё ў новай краіне.

У 2020-м мужчына не падтрымліваў ніводнага з альтэрнатыўных кандыдатаў, але, убачыўшы гвалт з боку ўладаў, не змог сядзець дома і маўчаць у сацсетках. Пра тое, што на яго звярнулі ўвагу, даведаўся праз год.

— У 2021-м у дзяржарганізацыю, дзе ён працаваў, прыйшла папера. У ёй патрабавалі звольніць людзей са спісу. Там былі і супрацоўнікі з «адміністратыўкамі», і тыя, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў, — пералічвае суразмоўніца. — Жэня не адносіўся ні да першых, ні да другіх. Хто і за што ўключыў яго ў той спіс, мы не ведаем. Можа, трапіў туды заадно з усімі. Усе ведалі яго погляды. На той момант ён іх не хаваў.

У выніку Яўгена звольнілі. Ён пачаў шукаць новае месца і праз некалькі месяцаў вырашыў адгукнуцца на вакансію ў іншай дзяржаўнай арганізацыі. Там акурат былі патрэбныя людзі з такой спецыяльнасцю, як у яго. Начальнік узрадаваўся, паабяцаў узяць. Мужчыну паклікалі на сустрэчу ў аддзел кадраў. У кабінеце сядзелі двое.

— Як мы зразумелі, гэта былі людзі са структур. Яны пачалі задаваць пытанні — агульныя і асабістыя, — расказвае Алена. — Брат палічыў, што гэта зневажальна, і ў нейкі момант сам устаў і сышоў. У прынцыпе, калі б ён так не зрабіў, відаць, таксама не ўзялі б.

Паводле Алены, наступная спроба брата ўладкавацца на дзяржпрадпрыемства скончылася падобна. Родныя лічаць, што да таго, як заключыць кантракт з Яўгенам, яго зноў праверылі. Потым запрасілі на асабістую сустрэчу да намесніка дырэктара па ідэалогіі, дзе той без лішніх словаў паведаміў: «Вам адмоўлена». На пытанне, з якой прычыны, адказаў, што яны гэтага не гавораць.

— Але трэба неяк жыць. Брат пайшоў да прыватніка. Яго бралі на адну пасаду, але ў выніку ён выконваў, скажам так, зусім іншыя абавязкі. Жэню гэта не задавальняла, — працягвае суразмоўніца. — Ён стаў шукаць што-небудзь яшчэ і зноў убачыў прыдатную вакансію ў дзяржарганізацыі. Людзі з такімі ўменнямі ў нас патрэбныя. Кіраўніцтва было зацікаўленае ў супрацоўніку. Адзінае, папрасілі прынесці даведку з міліцыі. У РАУС яму выдалі паперу, дзе было напісана: «На тэрыторыі Беларусі затрымання не было». У выніку ўзялі.

Паводле сястры, на новым месцы мужчына не афішаваў сваіх поглядаў. Не размаўляў пра палітыку ў краіне, вайну ва Украіне. Перажываў, раптам гэта нейкая правакацыя. Калі яму задавалі пытанні на адчувальныя тэмы, адказваў: «Я палітыкай не цікаўлюся». Працай Яўгена кіраўнік быў задаволены, кажа Алена. Начальнік нават цікавіўся, ці плануе супрацоўнік падаўжаць кантакт. Той хацеў, але незадоўга да падпісання дакументаў яму паведамілі, што новую дамову з ім вырашылі не заключаць.

— Як даведаўся брат, перад выбарамі (гаворка пра імітацыю прэзідэнцкіх выбараў 2025 года. — Заўв. рэд.) у арганізацыю прыйшлі спісы з КДБ. Сказалі звольніць усіх, хто ў іх, — тлумачыць суразмоўніца. — Кіраўнік размаўляў з ім вельмі ветліва. Казаў, мы б хацелі вас пакінуць, але нічога не можам зрабіць. Раілі яму прыйсці да іх праз нейкі час. Абяцалі паспрабаваць узяць яго назад.

Зноў застаўшыся без даходу, Яўген думаў адкрыць ІП ці ўладкавацца да іншага прыватніка. У першым выпадку палохаў досвед знаёмых, для якіх праца «на сябе» скончылася даўгамі. У другім — невялікі выбар вакансій. У асноўным прапаноўвалі быць грузчыкам. Са словаў Алены, такая праца брату не падыходзіць з прычыны здароўя.

— У яго вісіць рэзюмэ на сайце вакансій. Перыядычна клічуць на сумоўі ў дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі, — кажа сястра мужчыны. — Нядаўна тэлефанавалі вось. Калі ён спытаў пра чорныя спісы, сказалі, што цяпер гэтую сітуацыю трохі адпусцілі. Паабяцалі ўзяць, казалі, праблем не будзе. Ён пачаў збіраць дакументы, але праз пару тыдняў званок: «Служба бяспекі не ўзгадніла вашай кандыдатуры». Яны прапанавалі прыехаць на размову, але ён адмовіўся. Была і іншая сітуацыя. Тады Жэню набралі праз 20 хвілін пасля таго, як ён выйшаў з аддзела кадраў. Магчыма, у іх ёсць нейкая база для праверкі. Не ведаю дакладна, але яны таксама яму адмовілі і парэкамендавалі ўладкавацца ў прыватную фірму. Як мы зразумелі, гэта быў намёк, што дарога ў дзяржаўныя арганізацыі для яго закрытая.

Алена кажа, што цяпер брату эмацыйна няпроста, але ён спрабуе не апускаць рукі.

— Там пойдзе нешта зробіць, сям — трэба зарабляць на прадукты. Гэта, вядома, ненадзейна. Цяпер іх сям’я жыве на заробак жонкі, а ён шукае месца ў прыватніка, — кажа беларуска. — Праз гэтую сітуацыю ў нас напружаныя адносіны. Жэню бацькі выхоўвалі так: мужчыны не плачуць. Расказваць пра свае няўдачы цяжка, таму ён мне нешта не кажа, замоўчвае. Бачу, як яго гэта ламае, і баюся, што ён аднойчы не вытрымае… Думкі пайсці павесіцца ў яго таксама бываюць, бо няма сіл з гэтым змагацца. Вельмі сумна, што ты нават не можаш пра гэта ні з кім пагаварыць.

Чытайце таксама