Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  2. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  3. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  4. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  5. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  6. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  7. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  8. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  9. Заявления Путина о прорыве в Курской области могут говорить о его желании «затушевать» отказ от перемирия — эксперты
  10. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
Читать по-русски


Некалькі дзён таму былая палітзняволеная і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава нарэшце сустрэла свой дзень нараджэння, уздыхнуўшы на поўныя грудзі: 6 красавіка ёй споўнілася 45 гадоў. Пасля затрымання па «справе студэнтаў» у лістападзе 2020-га яна больш за два гады прабыла ў зняволенні і яшчэ паўтара знаходзілася пад наглядам у Беларусі. Некалькі тыдняў таму Вольга з дачкой узялі два заплечнікі, выйшлі з дому — і цяпер жывуць у Польшчы, не ведаючы, калі змогуць вярнуцца. «Люстэрка» паразмаўляла з выкладчыцай пра час за кратамі, добрых людзей у калоніі і тое, што дапамагае трымацца ў цяжкія часы.

Ольга Филатченкова до задержания. Фото: правозащитный центр "Вясна"
Вольга Філатчанкава да затрымання. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

На платформе BYSOL адкрыты збор для Вольгі — падтрымаць яе можна тут.

«Вядома, я імі ганарылася»

Па спецыяльнасці Вольга Філатчанкава — праграмістка, скончыла БДУІР. У жанчыны двое дзяцей — малодшая Маша і старэйшы Іван. Пасля другога дэкрэта, у 2017 годзе, беларусцы прапанавалі працу ў родным універсітэце на паўстаўкі, весці заняткі замест звольненага чалавека. Так яна стала асістэнткай кафедры праграмнага забяспечання інфармацыйных тэхналогій БДУІР. Усё ішло выдатна, і на наступны год яна працягнула.

— Гэта была праца не за грошы, а больш для душы, бо заробак там самі разумееце які, — успамінае Вольга. — Мне падабалася выкладаць студэнтам, усё атрымлівалася, яны давалі мне добрыя водгукі. Я падумала, ну, значыць, давайце далей. Так і прапрацавала аж да затрымання.

Вольга кажа, што падзеі 2020 года адчувала як вялікі ўздым і натхненне, калі ідэя «абы не было вайны» змянілася на хвалю салідарнасці. Адзначае, што з’явілася мноства ініцыятыўных людзей, якія хацелі нешта мяняць.

На выбарах беларуска была назіральніцай. І калі ў верасні студэнты яе ўніверсітэта пачалі ладзіць акцыі пратэсту і страйкі, выкладчыца не магла не падтрымаць іх.

— Я не сумнявалася ў сваіх студэнтах, у нас універ даволі моцны, — упэўненая суразмоўніца. — Гэтыя людзі — будучыня краіны, людзі свету. Нягледзячы на асабістыя якасці, інтраверт ты ці экстраверт, яны разумеюць, як можна жыць. Таму для мяне не было нічога дзіўнага ў тым, што навучэнцы менавіта нашага ўніверсітэта вельмі моцна падтрымалі пратэсты і былі неабыякавыя да таго, што адбываецца. Вядома, я імі ганарылася.

Ольга Филатченкова в обращении преподавателей БГУИР, октябрь 2020 года. Скриншот обращения на Youtube-канале "Честные люди"
Вольга Філатчанкава ў звароце выкладчыкаў БДУІР, кастрычнік 2020 года. Скрыншот звароту на YouTube-канале «Сумленныя людзі»

Нягледзячы на ўсеагульнае натхненне тым летам і восенню, Вольга называе сябе рэалісткай. Кажа, што была ўпэўненая: перамены не адбудуцца хутка і бязбольна. Яна па-ранейшаму выказвала сваю пазіцыю і падтрымлівала студэнтаў, але ніяк не магла дапусціць, што за гэта можа трапіць у КДБ.

— На той момант усе прызвычаіліся, што «адміністратыўкі» і «суткі» раздаюць направа і налева. Але вось да крымінальнай справы я не была гатовая, — успамінае былая палітзняволеная. — Вядома, дзень затрымання (12 лістапада 2020 года. — Заўв. рэд.) я памятаю, як гэта можна забыць. Прыйшлі людзі з КДБ, правялі ператрус, затрымалі і павезлі. Усё было карэктна, мне не пагражалі. Але зразумела, што гэта жудасна непрыемна і жудасна палохала, вялікі стрэс. Дачкі побач не было, а вось сын (Івану на той момант было 18 гадоў. — Заўв. рэд.) быў са мной. Ён за мяне вельмі спалохаўся. Я не здолела схаваць ад яго свой страх, а паколькі ў нас дастаткова моцная ментальная сувязь, ён моцна адрэагаваў. І нейкі час сыну давялося прымаць антыдэпрэсанты, бо і сон парушыўся, і ў цэлым было цяжка. А я яшчэ тады зразумела, што ўсё гэта надоўга. Але дагэтуль не ведаю, чаму я (сярод фігурантаў «справы студэнтаў» Вольга — адзіная выкладчыца. — Заўв. рэд.). Гэтае пытанне праходзіла чырвонай лініяй праз усё зняволенне. Чаму я? Але потым вырашыла, што проста самая прыгожая, бо асаблівых нейкіх прычын не бачу. Так, я была актыўнай, але былі і больш актыўныя. Таму было б вельмі цікава гэта даведацца.

«У СІЗА радуешся кожнай дробязі: пушынка прыляцела на прагулцы, у сцяне зярнятка прарасло»

Пасля затрымання Вольга была ў СІЗА КДБ, а потым яе перавялі на Валадарку. Гэтыя месяцы, хоць і праведзеныя ў камеры, яна ўспрымала як частку свайго жыцця і старалася не даваць сабе сумаваць.

— У маіх сілах пражыць жыццё годна, а не ў пастаянна прыгнечаным стане. Лічу, што гэта залежыць менавіта ад мяне, — дзеліцца жанчына. — Таму я прымушала сябе любавацца ўсім, чым магла. Спачатку пару разоў праз сілу, а потым проста аўтаматычна выхопліваеш карціны ці з’явы, якія прыносяць радасць. Птушка прыляцела нейкая незвычайная, дзьмухавец заквітнеў. Дзьмухаўцы — гэта наогул асаблівая сітуацыя, бо ў СІЗА, калі вельмі моцна прыгледзецца, відаць палянка, на якой яны распускаліся. І гэта было так міла і чароўна. У СІЗА радуешся кожнай дробязі: пушынка прыляцела на прагулцы, у сцяне зярнятка прарасло. Гэта дае сілы рухацца далей.

Як і многім палітвязням, выкладчыцы вельмі дапамагалі лісты. Сваім блізкім Вольга пісала кожны дзень, дасылала па чатыры лісты, што б ні здарылася.

— Каб дзеці мяне памяталі і разумелі — я ўвесь час пра іх думаю. У іх такія нармальныя стосы ўтварыліся, — са смехам успамінае беларуска. — Дачцэ спачатку сказалі, што я з’ехала ў камандзіроўку. Але потым яна пачала задаваць пытанні: а чаму мама піша нейкія дурныя папяровыя лісты, чаму не можа па інтэрнэце напісаць і патэлефанаваць? Я лічу, што лепш было б адразу растлумачыць, але ёй у выніку расказалі, калі пачаліся суды. Дачка нават не здзівілася, яна ў мяне не дурненькая. Маша прыходзіла да мяне на спатканне ў СІЗА, адрэагавала цалкам нармальна.

Студенты БГУИР сфотографировали фигурку Ольги Филатченковой в университете, пока она в заключении. Фото: "Мирный БГУИР"
Студэнты БДУІР сфатаграфавалі фігурку Вольгі Філатчанкавай ва ўніверсітэце, пакуль яна ў зняволенні. Фота: «Мірны БДУІР»

Кажучы пра лісты, былая выкладчыца згадвае і тыя, што прыходзілі ад незнаёмых людзей. Яна адказвала ўсім, хто пісаў, не прапускаючы ніводнага канверта.

— Хваля падтрымкі была неймаверная. І, вядома, магло прыходзіць яшчэ больш лістоў, але не ўсе даходзілі да мяне, — расказвае экс-палітзняволеная. — Нават не магу знайсці словы, каб выказаць сваю падзяку ўсім гэтым людзям. Чалавек жа ўзяў, адарваў азадак, пайшоў на пошту, купіў канверт, узяў асадку, напісаў словы падтрымкі. Як на гэта можна не адказаць? І потым, калі пішаш, адрываешся ад рэальнасці: камеры, зацвілых сцен, свайго не вельмі радаснага становішча. І жыццё наладжваецца. Многія людзі пісалі вельмі цікавыя лісты: расказвалі, што ў іх адбываецца, якое надвор’е (у СІЗА ж няма надвор’я), што схадзілі ў музей, у тэатр. Я радавалася, што ў іх ёсць магчымасць гэта рабіць, і ніколі не зайздросціла. Ад усёй душы зычыла ў любых умовах знаходзіць у сабе сілы і магчымасць радавацца жыццю. Бо тады робіцца лягчэй, а твой стрыжань умацоўваецца і дае магчымасць прайсці ўсе выпрабаванні.

Адным з іх стаў суд, які пачаўся ў траўні 2021 года. Філатчанкава ўспамінае: ужо тады разумела, што ўсё скончыцца калоніяй, надзеі на «хімію» проста не было.

— Калі прагучаў прысуд, першай думкай было: «Добра, што не тры (у ліпені 2021-га Вольгу і яшчэ 10 фігурантаў асудзілі на 2,5 года зняволення. — Заўв. рэд.). На той момант гэта было максімальнае пакаранне па першай частцы 342-га артыкула. Вядома, усё роўна было горка, бо гэта ж абсалютна незаслужана і яшчэ доўгае расстанне з любімымі людзьмі. Але прысуд не стаў для мяне сюрпрызам ці ўдарам.

«Адмовіцца нельга, усё можа скончыцца ў ШІЗА»

У гомельскай ПК-4, з аднаго боку, было прасцей, чым у СІЗА, успамінае Вольга. Можна перасоўвацца па тэрыторыі, бачыць неба. Да таго ж Гомель на поўдзень ад Мінска, таму сонечнае надвор’е і сіняе неба яна бачыла там значна часцей, што выдатна падымала настрой.

— З іншага боку, у калоніі ты сабе не належыш — у любы момант могуць выдраць куды-кольвек, — кажа экс-палітзняволеная. — Заварыла каву — а тут тэрмінова паклікалі на нейкія працы. І адмовіцца нельга, бо інакш будзе рапарт, а ў выніку ўсё можа скончыцца ШІЗА. Туды зусім не хацелася, і мне пашанцавала ні разу не загрымець. На фабрыцы часам бачыліся са студэнткамі, калі былі на адной змене. А больш за ўсіх я камунікавала з Касяй Будзько (палітзняволеная па «справе студэнтаў». — Заўв. рэд.), бо дзіўным чынам мы з ёй трапілі ў адзін атрад. Некалькі тыдняў чакалі, што яе перавядуць, бо звычайна так і рабілі, але ў выніку да вызвалення даседзелі разам. Наогул часта кажуць, што ў калоніі «ўсе кепскія», але насамрэч гэта не так. Ёсць нейтральныя людзі, ёсць добрыя. І калі б у адміністрацыі ўсе былі аднолькава дрэнныя, ніхто б не выжыў.

Са звычайнымі зняволенымі жанчынамі ў калоніі Філатчанкава камунікавала мала: ім размовы з «палітычнымі» маглі прынесці праблемы. А вось у СІЗА пазнаёмілася з некалькімі і падтрымлівала сувязь ужо ў ПК. Разважаючы пра перадузятасць да тых, хто здзяйсняў злачынствы, суразмоўніца ўспамінае, што перш за ўсё арыентавалася на сваю інтуіцыю: ці «яе» гэта чалавек, ці добры і гэтак далей. І ўжо на падставе асабістага ўражання рабіла высновы. Да таго ж пасля свайго ўласнага прысуду Філатчанкава пачала ставіцца да беларускай судовай сістэмы з вялікім недаверам.

Ольга Филатченкова в Париже, 2019 год. Фото предоставлено собеседницей
Вольга Філатчанкава ў Парыжы, 2019 год. Фота ад суразмоўніцы

Яшчэ адным адрозненнем калоніі ад СІЗА былі працяглыя спатканні: за час зняволення ў Вольгі былі два такія. На першае прыехалі толькі дзеці, а на другое — дачка разам з бацькамі. Апошнім усё тое, што адбылося, далося цяжка, але яны былі цалкам на баку дачкі.

— Яны мяне падтрымлівалі, стараліся аберагаць, — дзеліцца жанчына. — Маглі нават чагосьці не расказваць і потым атрымлівалі за гэта (смяецца). Яны рэальна малайцы. Ніякага «мы ад цябе адвернемся». А я ведаю, што такое здараецца. І людзям, якія трапляюць у такую сітуацыю, вельмі цяжка. Мне ж пашанцавала з бацькамі, з дзецьмі, з сябрамі — цяпер я гэта добра разумею.

У ПК-4 Вольга Філатчанкава прабыла трохі больш за год і бліжэй да канца тэрміну пачала лічыць час да вызвалення. Толькі не дні — арыентавалася на «лазні» (так у калоніі называлі штотыднёвы паход у душ).

— Звычайна асобны дзень цягнуўся доўга, а вось час паміж гэтымі «лазнямі» пралятаў вельмі хутка, — дзеліцца яна. — Пстрык — тыдзень, Пстрык — яшчэ адзін. І глядзіш: о, дзесяць лазняў засталося. Ну дык гэта ж ужо хутка! Потым пяць — зусім выдатна. А далей: «А-а-а, Кася, нам засталося ўсяго дзве «лазні»!» (смяецца) Але апошні месяц даваўся асабліва цяжка, бо, здаецца, «вось-вось» — а яшчэ столькі часу.

«Увесь час разумела, што рана ці позна давядзецца з’язджаць»

У дзень вызвалення Вольгу сустрэлі родныя і адвезлі дадому. Пра тое, як яна вернецца ў сваю кватэру, адкуль каля двух гадоў таму яе вывелі супрацоўнікі КДБ, палітзняволеная пачала думаць яшчэ ў калоніі.

— Я старалася гэта прапрацаваць, — расказвае суразмоўніца. — Бо зразумела: калі ў тваё жыллё прыходзяць і робяць з табой нешта дрэннае — гэта моцная псіхалагічная траўма. Я разумела, што трэба з гэтым нешта рабіць, бо мне там жыць увогуле. І калі прыехала, адчувала сябе нармальна. Потым прыйшлі сябры, а ў мяне ад усяго і ўсіх проста круцілася галава. Было так цікава тыкаць у тэлефон: божа мой, гэта ж можна з усімі пагаварыць, спакойна патэлефанаваць ці напісаць. Трохі адвыкла ад камунікацыі такога кшталту.

Сваё звыклае жыццё Філатчанкава адчула даволі хутка. Успамінае, што было адчуванне, быццам яна вярнулася ў той жа пункт, з якога яе вырвалі два гады і 18 дзён таму. І ўсё працягвалася з таго ж моманту.

— Сябры і родныя заўсёды мяне падтрымлівалі, адносіны засталіся на тым жа ўзроўні. Вядома, успаміны з калоніі і СІЗА нікуды не падзеліся, і, як ні дзіўна, яны не прыносяць болю. Проста час нібыта схлопнуўся: ёсць лінія, а на ёй такая часавая пятля, якая пачынаецца ў дзень затрымання і заканчваецца вяртаннем дадому, — тлумачыць беларуска. — Страху ад гэтых успамінаў у мяне таксама няма. Можа, таму, што мне вельмі пашанцавала сустрэць класных людзей, і ёсць шмат момантаў, якія пераважваюць усё кепскае.

З усіх фігурантаў «справы студэнтаў» Вольга з’ехала з Беларусі апошняй. Прызнаецца, што не магла зрабіць іначай з асабістых прычын. У Мінску ўладкавалася ў прыватны музей, і каля года ўсё было больш-менш у парадку. А потым пачалі з’яўляцца трывожныя званочкі.

— Увесь гэты час разумела, што рана ці позна давядзецца з’язджаць, — кажа яна. — А далей, праз гэты год, стала ўжо зусім сумненька. Некалькі тыдняў таму прыйшоў час: можна сказаць, стала зразумела, што дакладна небяспечна, і ў той жа дзень было прынятае рашэнне з’язджаць. Сын ужо даўно жыў за мяжой, таму мы з дачкой сабралі рэчы ў два заплечнікі — і ўсё.

Колькі часу заняла эвакуацыя, беларуска не ўдакладняе. Толькі кажа, што і яна, і дачка ўсё перанеслі «нармальна». А пра пакінутыя рэчы, як і пра ўсё матэрыяльнае, не шкадуе:

— Галоўнае, што мы жывыя, здаровыя і на волі. І што ў мяне ёсць куча цудоўных, найлепшых у свеце людзей, якія проста афігенныя!

«Было адчуванне, нібыта ком у горле, а тут пачало адпускаць»

За тыя некалькі тыдняў, што Вольга і яе дачка знаходзяцца ў Польшчы, стан былой палітзняволенай кардынальна змяніўся. Самае галоўнае — гэта магчымасць спакойна і поўна дыхаць.

— Апошнім часам заўсёды было адчуванне, нібыта ком у горле, — успамінае яна. — Пачуццё страху, хвалявання незразумела праз што. Увогуле, псіхалагічна цяжкавата. А тут пачало адпускаць, прычым досыць хутка. То-бок праз тыдзень я ўжо сябе адчувала амаль нармальна, а цяпер наогул выдатна.

Ольга Филатченкова в Карпатах, 2018 год. Фото предоставлено собеседницей
Вольга Філатчанкава ў Карпатах, 2018 год. Фота ад суразмоўніцы

Першы час суразмоўніца займалася дакументамі, каб легалізавацца ў новай краіне. Цяпер прыйшла чарга пошуку кватэры і школы для дачкі. У гэтай мітусні ў беларускі амаль не застаецца вольнага часу, і яны з Машай толькі раз схадзілі ў музей і выбраліся пагуляць. Сама дзяўчынка адчувае сябе добра, у Польшчы ёй усё падабаецца. Перавод у мясцовую школу палохае зусім трошкі, але Вольга супакойвае: нават калі нешта пойдзе не так, у іх раёне школ шмат. За вырашэннем усіх бытавых пытанняў жанчына нават не адзначала свой дзень нараджэння: перанесла на тыдзень, калі будзе крыху больш вольнага часу.

— Няма калі занадта доўга разважаць, бо трэба з усім разбірацца, — дзеліцца яна. — Проста няма часу пракручваць у галаве экзістэнцыяльныя думкі. Прычым справаў так шмат, што я часам магу ўпершыню паесці гадзін у дзевяць вечара.

Пытанне пра тое, чым будзе займацца сама Вольга, пакуль стаіць бліжэй да канца спісу. Вядома, ёй хацелася б пацвердзіць кваліфікацыю і далей выкладаць. Але нават калі не атрымаецца, беларуска не збіраецца апускаць рукі.

— Я магу шмат чым займацца, мне нецікава ўвесь час рабіць адно і тое ж. Хацелася б выкладаць, вядома, але калі раптам не выйдзе, усе дзверы адкрытыя, — упэўненая яна. — Пакуль яшчэ ў дэталях пра гэта не думала. Але ж я яшчэ і праграмістка, да таго ж умею ўсякія штукі па дрэве рабіць. У крайнім выпадку з’явіцца мая майстэрня. Ці раптам захачу стаць кім-небудзь іншым і пайду вучыцца? Нешта абавязкова будзе, у гэтым нават не сумняваюся.

Па Беларусі Вольга пакуль не сумуе — яшчэ не так шмат часу прайшло з ад’езду. Але ўпэўненая, што вярнуцца дадому зможа няхутка. А потым дадае: «Вельмі няхутка».

— Вы ж бачыце, якія тэндэнцыі, калі ўсё будзе ісці так, як цяпер, то гэта надоўга, — лічыць суразмоўніца. — Зразумела, што жыццё непрадказальнае. Ніколі не ведаеш, што здарыцца заўтра і паслязаўтра. Таму не выключаю магчымасці, што адбудзецца нейкая падзея, пра якую ніхто і не мог падумаць, і ўсё стане на свае месцы. Але калі глядзець на цяперашні стан справаў — добрага мала.

Нягледзячы на ўсе складанасці і гады зняволення, якія давялося перажыць, Філатчанкава ўпэўненая: нават ведаючы ўсё гэта, яна б прыняла тыя ж рашэнні ў 2020-м і не стала б маўчаць.

— А як можна стаяць убаку, калі такое адбываецца? — задае Вольга рытарычнае пытанне. — Наогул я ў зняволенні сустракала вельмі шмат добрых людзей, якія цяпер мае сябры. І хачу яшчэ раз падзякаваць усім, хто мне дапамагаў, спачуваў, проста думаў пра мяне. Хоць я не магу гэта сказаць кожнаму асабіста, але вельмі б хацела.

Прайсці праз беларускую судовую сістэму і застацца сабой — няпростая задача. А калі найгоршае скончылася, Вольга вымушана зноў будаваць жыццё ў новай краіне. Гэта таксама складаная справа, якая патрабуе часу і рэсурсаў. Вы можаце падтрымаць Вольгу фінансава праз збор на BYSOL: ёй патрэбная дапамога, каб уладкаваць побыт у першыя месяцы пасля пераезду.

Мноству былых палітвязняў ужо ўдалося закрыць зборы ў тым ліку дзякуючы падпісчыкам «Люстэрка» ў Telegram. Мы дзякуем кожнаму, хто паўдзельнічаў!

Аднак «Люстэрку» таксама патрэбна ваша дапамога. Фінансавая падтрымка чытачоў дазволіць нам далей расказваць такія гісторыі, як гэтая, і дапамагаць іншым людзям, якім гэта неабходна.

Падтрымайце рэдакцыю 👇

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.