Арменія ўваходзіць у склад Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), што дае гэтай дзяржаве і яе насельніцтву «вельмі і вельмі станоўчыя дывідэнды», заявіў прадстаўнік расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, перадае РБК.
Так ён пракаментаваў ухвалу ўрадам Арменіі законапраекта пра ўступленне ў Еўрасаюз.
«Што значыць гэтае сяброўства ў ЕС — цяпер пакуль цяжка сказаць, бо, вядома, быць сябрам дзвюх розных арганізацый, гіпатэтычна разважаючы, проста немагчыма. Тут адна мытная прастора, тут адна зона свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, людзей, капіталаў, там іншая, там іншыя нормы», — сказаў Пяскоў.
Неабходна зразумець пазіцыю Еўрасаюза, грунтавацца на працоўных механізмах, інтэграцыйных фарматах, якія ўжо сябе зарэкамендавалі, дадаў ён і прывёў у прыклад сітуацыю з Турцыяй, якая «ўжо шмат дзесяцігоддзяў захоўвае сваю арыентацыю на сяброўства ў ЕС, але не сустракае асаблівай узаемнасці».
Нагадаем, 9 студзеня ўрад Арменіі ўхваліў праект рашэння пра пачатак працэсу ўступлення ў ЕС. Прэм’ер Нікол Пашынян нагадаў, што ўхвала законапраекта не значыць уступлення ў аб’яднанне: «Канчатковае рашэнне можа быць прынятае толькі шляхам рэферэндуму, іншых варыянтаў няма».
ЕАЭС — арганізацыя эканамічнай інтэграцыі, у яе ўваходзяць Расія, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Беларусь.