У 2022 годзе па «справе пра дзяржпераварот» асудзілі пяць чалавек, агулам яны атрымалі 36 гадоў пазбаўлення волі. Нядаўна аднаго з фігурантаў — грамадзяніна ЗША, юрыста Юрыя Зянковіча, вызвалілі, і ён выехаў з Беларусі. Экс-палітвязень падзяліўся з «Люстэркам» дэталямі таго, адкуль з’явілася ініцыятыва «захопу ўлады» і чыё заданне выконваў гэты чалавек.
«Гэта была яго ідэя»
Яшчэ падчас судовага паседжання было вядома, што ключавы сведка па справе — Іван Жураўскі, падпалкоўнік Генштаба Узброеных сіл Беларусі, які «ўкараніўся» ў групу «змоўшчыкаў». Калі ён даваў паказанні ў судзе, працэс закрывалі, сам сілавік адмовіўся ад каментароў СМІ.
Пасля вызвалення Юрый Зянковіч заявіў, што менавіта гэты вайсковец быў ініцыятарам ідэі «змены ўлады неканстытуцыйным шляхам», як заяўляла абвінавачанне:
— Пераварот збіраўся рабіць не я — мяне папрасіў падпалкоўнік Іван Жураўскі, у той час афіцэр Генеральнага штаба, падрыхтаваць план трансфармацыі краіны і пераходу да дэмакратыі. Менавіта стварэнне гэтага плана было інкрымінаванае мне, Аляксандру Фядуту і Рыгору Кастусёву. Дэталі гэтага плана я апублікую пазней. За сам вайсковы пераварот адказваў Жураўскі — гэта была яго ідэя, а мы ў вайсковыя планы не ўмешваліся.
Служба, медалі, адстаўка
Хто такі гэты Іван Жураўскі? Зянковіч перапісаў частку матэрыялаў крымінальнай справы і вывез іх (у абвінавачаных ёсць права знаёміцца з матэрыяламі справы і капіяваць моманты, якія іх цікавяць). У гэтых матэрыялах была выпіска з асабістага дасье вайскоўца з яго біяграфічнымі звесткамі.
Мяркуючы з яе, цяпер 44-гадовы былы вайсковец нарадзіўся ў расійскім горадзе Архангельск у 1981 годзе. У 2003-м скончыў Вайсковую акадэмію. Пасля мужчына служыў у 740-й зенітнай ракетнай брыгадзе ў Барысаве, з 2013 да 2016 года — начальнікам штаба, з сакавіка да чэрвеня 2016 года — камандзірам дывізіёна. З 2016 да 2017-га быў камандзірам дывізіёна 147-й зенітнай ракетнай брыгады, якая дыслакуецца ў Бабруйску.
Са жніўня 2017 да студзеня 2021 года Жураўскі лічыўся старшым афіцэрам 3-га аддзела 2-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл Беларусі. Мужчына даслужыўся да звання падпалкоўніка, быў узнагароджаны медалямі. У студзені 2021 года звольніўся ў запас (яму на той момант было 39 гадоў).
Агент без псеўданіма
У базе са звесткамі грамадзян Беларусі, даступнай BELPOL, ёсць чалавек з такім імем. Ключавыя моманты яго біяграфіі — імя па бацьку, год нараджэння, месца службы — супалі з інфармацыяй, якую захаваў Зянковіч.
Таксама мы паказалі былому палітвязню пашпартнае фота Жураўскага (праўда, няма інфармацыі, у якім годзе яно было зробленае). Юрый адзначыў падабенства гэтага чалавека з тым, з кім ён сустракаўся.
З матэрыялаў справы вынікае, што вайсковец дзейнічаў на заданне КДБ. Часам у гучных гісторыях, якія расследуе гэтае ведамства, усплываюць фальшывыя асобы. Але, відаць, гэта не той выпадак. Іван Жураўскі — сапраўднае імя рэальнага вайскоўца. У базах дадзеных захаваліся запісы пра яго родных, прапіску, на яго імя зарэгістраваныя некалькі нумароў тэлефона.
Паводле інфармацыі BELPOL, у падпалкоўніка не было пашпартоў прыкрыцця ў Беларусі. Прадстаўнік арганізацыі дапусціў, што вайскоўца не трэба было легендыяваць, каб скарыстацца асабістымі знаёмствам і атрымаць давер «змоўшчыкаў».
Цікава, што ў фільме дзяржаўнага тэлеканала АНТ заблюрылі не толькі твар Жураўскага, але і ўсю яго фігуру. Падпалкоўніка прадставілі так: «Для яго (Юрыя Зянковіча. — Заўв. рэд.) гэта Іван, нібыта высокапастаўлены афіцэр з Міністэрства абароны». Хоць Іван — сапраўднае імя і ён праўда быў на той момант вайскоўцам.
Хто прыдумаў «змову»?
У прапагандысцкім кіно АНТ сцвярджалі: «змоўшчыкі» са сваім «злачынным планам» шукалі здрадніка ў Міністэрстве абароны — і знайшлі Жураўскага. А той нібыта паведаміў у КДБ — і далей групу «вялі».
Аднак з матэрыялаў крымінальнай справы, якія перапісаў экс-палітвязень, атрымліваецца, што, хутчэй за ўсё, афіцэр з самага пачатку дзейнічаў на заданне спецслужбаў. Асабліва калі параўнаць даты. Зянковіч і Жураўскі ўпершыню сустрэліся 28 жніўня 2020 года. У фільме АНТ з аператыўнымі здымкамі паказалі нават час — 13.50.
У пачатку зімы 2021 года гэтыя двое пачалі абмяркоўваць новую сустрэчу, вынікае з пратаколаў аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія былі агалошаныя ў судзе. Яшчэ адна размова мужчын, далучаная да справы, адбылася ў лютым 2021-га. А абмеркаванне ў маскоўскім рэстаране «Тарас Бульба» прайшло 11 красавіка 2021 года. Тады ж Рыгор Кастусёў, Аляксандр Фядута і Юрый Зянковіч былі затрыманыя.
Пры гэтым у матэрыялах крымінальнай справы ўсе зносіны Жураўскага са «змоўшчыкамі» ў дакументах фігуруюць як «аператыўна-вышуковае мерапрыемства». Згодна з пратаколам, гэтае «мерапрыемства» пачалося 28 жніўня 2020 года — у дзень першай сустрэчы мужчын. Дакладны час — 9.00 — за некалькі гадзін да яе. Скончылася яно 11 красавіка 2021 года — у дзень затрымання «змоўшчыкаў» у маскоўскім рэстаране.
Таксама ў тамах крымінальнай справы была «пастанова пра прадстаўленне аператыўна-вышуковых дакументаў». У ім згадваецца некалькі прозвішчаў высокапастаўленых сілавікоў. Зацвярджаў яе генерал-маёр Дзмітрый Равуцкі, намеснік старшыні КДБ. Санкцыю даваў Дзмітрый Гара, на той момант — намеснік генпракурора, пасля ён перайшоў на пасаду старшыні Следчага камітэта. У лістападзе 2020 года дакумент падоўжылі, яго зацвярджаў ужо першы намеснік старшыні КДБ Сяргей Церабаў.
«Суду было пофігу»
— Усё рабілася ў рамках следчага эксперыменту. Яму (Івану Жураўскаму. — Заўв. рэд.) паставілі задачу выявіць змоўшчыкаў. І ён іх выявіў, — успамінае Зянковіч. — Ёсць распіска ў атрыманні задання, ёсць інструкцыі «не ствараць умоваў, якія б спрыялі здзяйсненню злачынства ці правакавалі б на яго», ёсць санкцыя на правядзенне эксперыменту.
Цікава, што ў адным з дакументаў, як сцвярджае экс-палітвязень, была такая фраза: «Звернутая ўвага на недапушчальнасць актыўнага ўплыву на рашэнні, якія прымаюцца Зянковічам Ю. Л. і іншымі асобамі, даючы ім магчымасць адмовіцца ад здзяйснення злачынных дзеянняў». Простымі словамі: Жураўскі не мусіў умешвацца ў «змову».
Аднак, паводле Зянковіча, фактычна «пераварот» быў ініцыятывай вайскоўца. Да юрыста ж той звяртаўся нібыта па дапамогу і кансультацыі:
— Быў агучаны нават аўдыёзапіс той размовы, дзе Жураўскі сказаў, што ён гатовы здзейсніць пераварот, і што ёсць група афіцэраў, што яго падтрымліваюць. Ёсць расшыфроўка даслоўная той размовы. Суду было пофігу. Фядута на судзе сказаў, што для яго галоўным пытаннем было выявіць, ці гэта з самага пачатку была правакацыя, ці Жураўскі пазней пайшоў усіх здаў. І ён пераканаўся, што гэта была правакацыя ўжо на момант маёй самай першай сустрэчы з Жураўскім.