27 жніўня стала вядомая дата пачатку завочнага разгляду па справе заснавальніка «Новага зроку «Алега Каўрыгіна. Паседжанні стартуюць 23 верасня ў Мінскім гарадскім судзе, а справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко. Нагадаем, бізнесоўца абвінавачваюць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Разам з ім перад судом паўстануць яшчэ чацвёра супрацоўнікаў кампаніі — у тым ліку бухгалтарка і дырэктар. Расказваем падрабязнасці.
У чым абвінавачваюць супрацоўнікаў «Новага зроку»?
Марыну Баярчук абвінавачваюць па двух артыкулах:
- ч. 2 арт. 243−1 (Ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў, што нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры);
- ч. 2 арт. 243−3 (Ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, што нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры).
Таццяну Ярмольчык, Алену Варашкевіч і Аляксандра Салаўёва — таксама па двух:
- ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243−1 (Дапамаганне ва ўхіленні ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў, што нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры);
- ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243−3 (Дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты страхавых унёскаў, што нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры).
Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
— Судзіць будуць Марыну Баярчук — гэта галоўная бухгалтарка, Алену Варашкевіч — фінансавая дырэктарка. Аляксандр Салаўёў — гэта дырэктар прадпрыемства. Ён стаў ім ужо ў перыяд ліквідацыі «Новага зроку». Нават галоўную медсястру Таццяну Ярмольчык абвінавацілі, — расказаў «Люстэрку» Каўрыгін. — Па вялікім рахунку, гэтую крымінальную справу я расцэньваю як палітычны пераслед менавіта мяне. Мэта — скрасці сродкі і будынкі замежных інвестараў. Але менш у гэтай сітуацыі я думаю пра сябе. Мне ў першую чаргу шкада людзей, якія аказаліся непасрэдна ў лапах у гэтых злачынцаў. Я чакаю «пакаяльных» відэа. Як гэта ўсё робіцца, мы выдатна ўсе разумеем.
Паводле прадпрымальніка, супрацоўнікі «Новага зроку» не знаходзіліся пад вартай. Каўрыгін кажа, што ўсе яны былі вымушаныя працаваць са следствам «у поўным аб’ёме».
— Гэта мае на ўвазе, што яны цалкам выконвалі ўсе распараджэнні і падпісвалі пратаколы пад дыктоўку. Тых спецыялістаў, якія адмаўляліся гаварыць няпраўду, змяшчалі пад арышт. І гэта не адзін чалавек, — тлумачыць бізнесовец. — Хутчэй за ўсё, гэтым чацвярым супрацоўнікам абяцалі, што яны не будуць асуджаныя на рэальныя тэрміны. Узамен ім прапанавалі агаварыць мяне. Маўляў, я ж жыву за мяжой, мне нічога не будзе (стандартная абсалютна практыка для следчых органаў Беларусі). Але баюся, што іх падмануць.
Вядома, хочацца спадзявацца, што ўсё ж іх не пасадзяць, бо гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя. Многія з іх перажылі наймацнейшы стрэс. Наколькі я ведаю, бухгалтарка сур’ёзна захварэла пасля ўсяго гэтага. Я хачу, каб ва ўсіх супрацоўнікаў, якія будуць удзельнічаць у гэтых судовых паседжаннях, хапіла сіл вытрываць гэта. І па магчымасці буду дапамагаць чым змагу.
Сам бізнесовец для сваёй абароны адваката наняць не змог. Кажа, што ніхто за ягоную справу не браўся, бо «мала хто хоча рызыкнуць ліцэнзіяй». З прызначаным дзяржавай абаронцам ён таксама не размаўляў. Прынамсі, той з ім яшчэ не звязваўся.
— Я не маю ніякай інфармацыі. Пра дату суда я даведаўся наогул з прэсы, — кажа Алег Каўрыгін. — Паўтаруся, я ацэньваю гэтую справу як палітычную. Я думаю, што на маім прыкладзе яны хочуць паказаць астатнім, маўляў, бачыце, які ён. Мы прапаноўвалі яму супрацоўніцтва? Прапаноўвалі, і не раз. Уступіць у нашыя ўрачыстыя шэрагі, прайсці строем там, і, выракшыся свайго сумлення, нешта гаварыць інакш. Ён жа адмовіўся. Бачыце, што мы з ім зрабілі? Забралі ўсё, што можна забраць у прадпрыемства, з якім ён працаваў як кансультант. І вось што зрабілі з людзьмі, якія з ім працавалі. Калі вы будзеце супрацоўнічаць з такімі людзьмі, у вас будуць вялікія праблемы. Атрымаеце рэальныя тэрміны, а мы адпусцім вас тады, калі мы захочам, або заб’ём у турме (што ўжоздаралася).
— Як толькі будзе змененая ўлада ў Беларусі, умомант гэтая справа будзе перагледжаная, і там усё рассыплецца на часткі, — дадае Каўрыгін. — І ўжо ніхто не будзе верыць словам сілавікоў і суддзяў, якія будуць казаць, што не ведалі, што чынілі. Яны панясуць заслужанае пакаранне.
Якім будзе прысуд суда, бізнесовец прадказваць не бярэцца. Аднак у яго ёсць версія, каму могуць адысці медцэнтры «Новага зроку». Ён лічыць, што гэта можа быць кампанія Voka, якая таксама займаецца афтальмалогіяй.
Нагадаем, у адным з інтэрв'ю «Люстэрку» Алег Каўрыгін расказваў, што пасля прыходу сілавікоў да яго з прапановай «вырашыць пытанне» тэлефанаваў дырэктар па развіцці гэтай кампаніі. У Voka, дарэчы, працуе старэйшы сын сенатаркі і кіраўніцы Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Ірыны Абельскай. Менавіта яе лічаць маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі.
Чытайце таксама