З 7 верасня афіцыйна набыў моц указ Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа. Новы закон істотна паўплываў на планы многіх грамадзян Беларусі, якія апынуліся за мяжой, — прынамсі, у агляднай будучыні. Сабралі самыя важныя змены, з якімі цяпер трэба будзе сутыкнуцца эмігрантам, і варыянты вырашэння адной з надзённых праблем — заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.
Нельга атрымаць або падоўжыць пашпарт за мяжой
Раней беларусы, якія жывуць за мяжой, маглі атрымаць або абмяняць пашпарт у пасольствах і консульствах. Гаворка ідзе пра тых, хто пастаянна жыве за межамі Беларусі і стаіць на консульскім уліку.
Цяпер гэта можна будзе рабіць толькі «ў органах унутраных справаў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства» — то-бок у Беларусі. Што да біяметрычных пашпартоў, то акрамя АУС іх будуць мяняць яшчэ і ў МЗС, але, зноў жа, выключна на тэрыторыі Беларусі.
Падоўжыць тэрмін дзеяння пашпарта праз консульства таксама нельга — для гэтага давядзецца ехаць у Беларусь.
Калі чалавек ужо падаў дакументы на атрыманне (або падаўжэнне) пашпарта за мяжой і аплаціў консульскі збор, яго справа будзе разглядацца ў ранейшым парадку. Пашпарт ён зможа забраць у беларускай дыпмісіі — вяртацца на радзіму для гэтага не давядзецца.
Аднак тым, хто яшчэ толькі запісаўся на падачу заявы ў консульства, не пашанцавала: электронныя чэргі на выдачу, падаўжэнне або замену пашпарта анулююцца.
Атрымаць пашпарт па даверанасці на сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, нельга: закон абавязвае поўнагадовага грамадзяніна атрымліваць дакументы асабіста.
Нельга аформіць многія дакументы праз пасольствы і консульствы
Указ таксама ўводзіць новы парадак выдачы дакументаў і ажыццяўлення натарыяльных дзеянняў у замежных установах Беларусі. Цяпер аформіць угоды з маёмасцю і выканаць пэўныя адміністрацыйныя працэдуры можна будзе толькі пры асабістым звароце або на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра продаж нерухомасці і аўтамабіляў, прастаўленне апастыляў, выдачу даведак з ЗАГСа і дублікатаў дыплома аб адукацыі.
Ужо аформленая за мяжой даверанасць на пералічаныя ва ўказе віды паслуг больш не будзе дзейнічаць.
Як і ў выпадку з пашпартам, звароты, пададзеныя беларусамі да ўступлення ўказа ў сілу, будуць разглядацца ў ранейшым парадку.
- прыняцце рашэння пра дазвол адчужэння жылога памяшкання, долі (доляў) у праве ўласнасці на яго, набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу;
- прыняцце рашэння пра прызначэнне сямейнага капіталу;
- прыняцце рашэння пра датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу;
- прыняцце рашэння пра распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям’я набыла права на прызначэнне сямейнага капіталу;
- выдача паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану, за выключэннем выдачы паўторнага пасведчання аб смерці;
- выдача даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану (пра запіс акта грамадзянскага стану, пра адсутнасць запісу акта аб заключэнні шлюбу), і паведамленняў пра адсутнасць запісу акта грамадзянскага стану, за выключэннем даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў аб смерці;
- выдача дублікатаў дакумента аб адукацыі, дадатку да яго, дакумента аб навучанні;
- рэгістрацыя па месцы жыхарства (па месцы знаходжання) грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;
- выдача пропуску на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю аўтадарожных пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь;
- дзяржаўная рэгістрацыя транспартных сродкаў (за выключэннем колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх);
- зняцце з уліку транспартных сродкаў;
- прастаўленне апастылю на афіцыйным дакуменце, складзеным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры звароце асобы, якая знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь;
- легалізацыя афіцыйнага дакумента ў Рэспубліцы Беларусь;
- дзяржаўная рэгістрацыя ў дачыненні да: зямельных участкаў; жылога дома альбо ізаляванага жылога памяшкання; капітальнага будынка, незавершанага закансерваванага капітальнага будынка, ізаляванага памяшкання, машына-месца; эксплуатаванага капітальнага будынка, эксплуатаванага ізаляванага памяшкання або машына-месца.
-
сведчыць тэстаменты;
- сведчыць згоды, адмовы;
- сведчыць дакладнасць копій дакументаў і выпісак з дакументаў;
- сведчыць сапраўднасць подпісу на дакументах;
- сведчыць дакладнасць перакладу дакументаў з адной мовы на іншую;
- сведчыць факт знаходжання грамадзяніна ў жывых;
- сведчыць факт знаходжання грамадзяніна ў пэўным месцы;
- сведчыць тоеснасць грамадзяніна з асобай, выяўленай на фатаграфіі;
- сведчыць час прад’яўлення дакументаў;
- выдаваць дублікаты натарыяльных дакументаў, асобнікі якіх ёсць на захоўванні ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Рэспублікі Беларусь;
- сведчыць даверанасці зацікаўленых асобаў, якія з’яўляюцца работнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх установаў або гандлёвых прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, і членаў іх сем’яў, іншых асобаў, пералік якіх вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама адмену такіх даверанасцяў.
Указ быў афіцыйна апублікаваны 6 верасня. Згодна з законам аб прававых актах, ён пачаў дзейнічаць з 00.00 7 верасня.
Як вырашыць праблему з пашпартам, які скончыўся за мяжой
- Паездка ў Беларусь (не для ўсіх)
Атрымаць, абмяняць або падоўжыць любы від пашпарта і ID-карты праз беларускія замежныя ўстановы больш не атрымаецца.
Цяпер грамадзяне, якія пастаянна жывуць за межамі краіны і стаяць на консульскім уліку, мусяць звяртацца ў галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС альбо ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі УУС па месцы апошняй рэгістрацыі ў Беларусі (па месцы апошняга жыхарства бацькоў — для асобаў, якія не жылі ў Беларусі).
Аднак палітычным эмігрантам і наогул беларусам, якія асцерагаюцца рэпрэсій у выпадку вяртання на радзіму, гэты варыянт не падыходзіць.
Лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская ў каментары «Люстэрку» заклікала беларусаў за мяжой, якім пагражае пераслед, не вяртацца ў Беларусь, нават калі тэрмін дзеяння іх пашпарта заканчваецца.
Палітык паведаміла, што яна і яе калегі праводзяць кансультацыі з урадамі краін, дзе цяпер жывуць беларусы. Гэтае пытанне таксама будзе ўзнятае падчас Генеральнай асамблеі ААН.
- Пашпарт Новай Беларусі
Вырашыць узніклую праблему можа паскарэнне працэсу працы над пашпартам Новай Беларусі, які быў прэзентаваны ў пачатку жніўня. Але пакуль нават прыблізныя тэрміны выпуску дакумента і перспектывы яго прызнання ўрадамі замежных дзяржаваў невядомыя.
- Праязны дакумент замежніка (самы хуткі і рэалістычны спосаб)
У шэрагу дзяржаваў замежнік пры наяўнасці ВНЖ можа атрымаць часовую замену пашпарта, калі той згублены, пашкоджаны або няма магчымасці аформіць новы. Напрыклад, у Польшчы гэта праязны дакумент для замежніка, у Літве — пашпарт замежніка (падрабязней пра тое, як іх аформіць, можна прачытаць тут).
Сам па сабе такі дакумент не дае права знаходжання ў краіне, якая выдала яго (для гэтага патрабуецца ВНЖ), і не дае новага грамадзянства. Затое з ім можна перасоўвацца па Шэнгенскай зоне або за яе межамі (атрымаўшы адпаведную візу, калі гэта неабходна).
- Жэнеўскі пашпарт
Жэнеўскі пашпарт (яго яшчэ называюць «блакітным» ці «сінім») — таксама праязны дакумент, які выдаецца і ў Польшчы, і ў Літве, і ў шэрагу іншых краін. Але атрымаць яго можа толькі іншаземец, які мае статус бежанца.
- Грамадзянства іншай краіны
Чалавек, які пераехаў на ПМЖ у іншую краіну, звычайна з цягам часу набывае права на атрыманне яе грамадзянства.
Звычайна натуралізацыя — альбо працяглы, альбо вельмі дарагі працэс. Але заканадаўства асобных дзяржаваў прадугледжвае пэўныя паслабленні, частка з якіх цалкам можа падысці камусьці з беларусаў. Напрыклад, гаворка ідзе пра карту паляка ў выпадку Польшчы ці праграмах рэпатрыяцыі ў Ізраіль і некаторыя іншыя краіны. Падрабязней пачытаць пра тое, дзе можна адносна хутка і без велізарных выдаткаў атрымаць новае грамадзянства, — тут.
Акрамя таго, частка дзяржаваў — напрыклад, Егіпет, Турцыя, краіны Карыбскага басейна — прапануюць на законных падставах набыць іх грамадзянства ў абмен на інвестыцыі. Аднак часцей за ўсё гаворка ідзе пра вельмі вялікія сумы: самы танны варыянт — у Дамініцы — абыдзецца мінімум у 100 000 даляраў. Таму гэты спосаб падыходзіць толькі вельмі заможным людзям.
Чытайце таксама


