Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Сотрудница взяла мой телефон, сняла чехол и посмотрела, что под ним». Рассказываем, какая обстановка на границе с соседними странами
  2. «Нужны врачи». Кочановой пожаловались на дефицит медиков
  3. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  4. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  5. Кочанова ответила на вопрос, будут ли повышать пенсионный возраст в ближайшее время
  6. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  7. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  8. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  9. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  10. Лукашенко в очередной раз оскорбил Зеленского. Политику «прилетел» колкий ответ из Киева, который поймет едва ли не каждый беларус
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  12. Заявления Путина о прорыве в Курской области могут говорить о его желании «затушевать» отказ от перемирия — эксперты
  13. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
Читать по-русски


Навошта Лукашэнка паклікаў Байдэна ў Мінск? Чаму ствараюць народнае апалчэнне? Украінскія ўлады стрыманыя ў выказваннях пра Лукашэнку, яны думаюць, што з ім усё яшчэ можна дамовіцца? Які сэнс у закрыцці мяжы паміж Польшчай і Беларуссю? Гэтыя і іншыя надзённыя пытанні задалі нам вы. Мы пераадрасавалі іх палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману — і запісалі новы выпуск праекта «Шрайбман адкажа». Гэта яго тэкставая версія.

—  Навошта Лукашэнка паклікаў Байдэна ў Мінск? Хіба ён не разумее, што рэакцыі на такую заяву не будзе?

— Я думаю, добра разумее, і акурат з такім разлікам падобныя заявы і робяцца. Калі паглядзець уважліва, то з першых тыдняў вайны Лукашэнка, нягледзячы на сваю шматпланавую дапамогу расійскай арміі, усё роўна спрабуе паказаць сябе міратворцам. Не пытайце мяне, на каго гэта працуе. Я сумняваюся, што на Захадзе такія сілы яшчэ засталіся. Мабыць, унутры краіны ёсць людзі, усё яшчэ гатовыя паверыць, што дзякуючы Лукашэнку Беларусь не ўдзельнічае ў вайне.

Але важна тут не тое, наколькі паспяховая такая дыпламатыя, а тое, што ён чамусьці лічыць важным кожны тыдзень, практычна з пачатку вайны, рабіць заявы ў духу ката Леапольда. Запрашэнне Байдэна ў Мінск абсалютна ўкладваецца ў гэтую ж логіку. Маўляў, я адзіны тут у рэгіёне, хто дбае пра мір. А Байдэн не хоча прыязджаць і дамаўляцца. Ён жа забараняе і «Валодзю Зяленскаму дамаўляцца» пра мір з расіянамі.

З гэтай жа оперы і заява Лукашэнкі пра тое, што ён не пасылае ніводнага салдата ва Украіну, у той час як апазіцыя сваіх баевікоў рыхтуе, і яны ўжо ваююць на фронце. «Ну і хто пасля гэтага агрэсар?» — пастаянна задаецца пытаннем ён. Гэта даволі тыповая для Лукашэнкі тактыка пераводу размовы з нязручных тэмаў на зручныя. Яму не хочацца абмяркоўваць тыя моманты, калі ён даў Расіі калідор для ўварвання ва Украіну. Значна прасцей гаварыць, які ён незапатрабаваны міратворац і дыпламат. І што ўсе мілітарысты, усе агрэсары насамрэч знаходзяцца там, на Захадзе. Бо гэта яны не хочуць яго слухаць.

Президент США Джо Байден и президент Украины Владимир Зеленский, Киев, Украина, 20 февраля 2022 года. Фото: пресс-служба президента Украины
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, Кіеў, Украіна, 20 лютага 2022 года. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

—  Навошта ўладзе народнае апалчэнне? Ёсць жа АМАП, ГУБАЗіК, КДБ. Няўжо Лукашэнка думае, што яму іх не хопіць?

— Калі шчыра, вельмі сумняваюся, што ён даверыць такую сакральную місію, як ахова сваёй уласнай улады, нейкаму народнаму апалчэнню, то-бок простым людзям без сілавога бэкграўнду і да таго ж з неправеранымі палітычнымі поглядамі. Хутчэй тут гаворка ідзе пра нейкую агульную мілітарызацыю беларускай дзяржавы. І ў гэтага вялікага працэсу некалькі праяваў. Апалчэнне не адзінае з іх.

Раней улады перадалі зброю егерам і супрацоўнікам МНС, каб тыя навучыліся з ёй абыходзіцца на выпадак надзвычайнага становішча. Потым стварылі шмат ваенна-патрыятычных лагераў для падлеткаў. Стварылі новае падраздзяленне ва ўнутраных войсках. Пашырылі сетку міліцэйскіх ліцэяў у рэгіёнах. Сёлета рэзка павысілі бюджэт на абарону і праваахоўныя органы. І гэта ўсё на фоне бясконцых, бесперапынных вучэнняў і зверкі звестак у ваенкаматах, праз якую прайшлі, напэўна, усе мужчыны прызыўнога ўзросту ў Беларусі.

Мне здаецца самым лагічным тлумачэннем тое, што Лукашэнка ўсур'ёз разглядае рызыку таго, што вайна нейкім чынам уцягне ў сябе Беларусь. Я ўжо не ведаю, чаго ён баіцца больш — уварвання сіл NATO або нейкіх удараў у адказ з Украіны, але факт застаецца фактам: дзяржаўная машына ўжо шмат месяцаў рыхтуецца менавіта да такога сцэнару. Прычым гаворка ідзе менавіта пра вайну на нашай тэрыторыі, таму што ў краіне з такой невялікай арміяй адзіны шанец выстаяць — гэта абапірацца на нейкі шырокі, народны партызанскі ўзброены рух. І мяркуючы па ўсім, Лукашэнка якраз і спрабуе стварыць элементы такога будучага ўсенароднага супраціву ў Беларусі.

У ідэале паводле задумы ўлады гэта мусіць спрацаваць нават на апярэджанне. Маўляў, вы лепш да нас нават не лезьце — у нас у кожным сельсавеце па партызанскім атрадзе. Я разумею, як недарэчна гучаць гэтыя развагі для людзей, якія не вераць ні ў якую вайну супраць Беларусі і ўжо тым больш — што хтосьці выношвае планы акупаваць нашую краіну, ну, акрамя ўсходняга суседа. Але Лукашэнка, відавочна, жыве з іншым успрыманнем знешніх пагроз. І такое бывае з пажылымі аўтакратамі. У 70−80-я гады албанскі дыктатар Энвер Ходжа забудаваў усю краіну паўмільёнам бункераў, бо рыхтаваўся да нападу нейкіх незразумелых знешніх ворагаў, нягледзячы на тое, што ніхто насамрэч не планаваў урывацца ў Албанію. І Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, стаў сур’ёзна баяцца знешняй інтэрвенцыі. Гэта выглядае адзіным хоць у нейкай ступені лагічным тлумачэннем гэтай чарады практыкаванняў па мілітарызацыі практычна ўсёй краіны.

Народное ополчение агрогородка Лобча. Фото: rodniva.by
Народнае апалчэнне аграгарадка Лобча. Фота: rodniva.by

— Ва Украіне зноў раскрытыкавалі Ціханоўскую. Прадстаўнік Офіса Зяленскага Міхаіл Падаляк заявіў, што «не бачыць выразнай антываеннай актыўнасці з боку апазіцыі». Пры гэтым афіцыйны Кіеў вельмі і вельмі стрыманы ў выказваннях пра Лукашэнку. Украінскія ўлады думаюць, што з ім усё яшчэ можна дамовіцца?

— Ва ўкраінскай уладзе ёсць шмат розных сіл і палітыкаў. Я не магу ведаць, што ў галаве ў кожнага з іх, ці ёсць у кагосьці надзеі на нейкія ўгоды і пакты з Лукашэнкам. З аднаго боку, абсалютна відавочна, што паміж Мінскам і Кіевам існуе нейкі таемны канал камунікацыі. З іншага боку, я не ведаю, наколькі трэба быць наіўнымі, каб праз год пасля таго, як Лукашэнка не стрымаў свайго слова і прапусціў расійскія войскі на Кіеў, сур’ёзна разважаць пра тое, што гэтым разам яго гарантыям можна верыць. Але відавочна, і гэта нават прызнаюць на афіцыйным узроўні, Украіна лічыць важным той факт, што беларуская армія да гэтага часу не ваюе ва Украіне. І як мінімум у Кіеве хацелі б захаваць гэты статус-кво.

І, як і вы, я таксама заўважыў, што апошнія некалькі месяцаў украінскія чыноўнікі на ўсіх узроўнях моцна прыглушылі сваю рыторыку на адрас Лукашэнкі, нават калі сам Лукашэнка дазваляе сабе антыўкраінскія выпады. Кіеў не адказвае, а толькі паўтарае як мантру тое, што не хоча, каб беларускае войска ўступала ў вайну.

Што да Ціханоўскай, кантактаў з ёй, то мы ўжо не раз тут абмяркоўвалі гэтую тэму, і Падаляк, трэба аддаць яму належнае, досыць шчыра і выразна прагаварыў, чаму Кіеў не хоча з ёй камунікаваць. Іх улады бачаць, што частка беларусаў прыйшла на дапамогу Украіне ў гэтай вайне. Некаторыя пайшлі на фронт, некаторыя ўдзельнічалі ў так званай «рэйкавай вайне» ў першыя тыдні ўварвання. Але гэтыя дзеянні ўкраінская ўлада не звязвае з дзейнасцю Офіса або Кабінета Ціханоўскай. У выніку ў паветры павісае пытанне, а што канкрэтна Украіне можа даць узаемадзеянне або шчыльная камунікацыя з віленскімі або варшаўскімі штабамі апазіцыі.

І прымальнага адказу на яго няма нават у саміх дэмсілаў. Прычым я не гатовы іх у гэтым вінаваціць. Беларускія структуры апазіцыі ў выгнанні ствараліся не для таго, каб забяспечваць узбраеннем або рэсурсамі краіну, якая ваюе. Гэта ў першую чаргу прэзентатыўныя структуры. Іх задача — прадстаўляць беларускі пратэст у выгнанні. Але Кіеву цяпер не да гэтых дыпламатычных тонкасцяў. Заўсёды працуе толькі адзін фільтр: якая карысць ад канкрэтных суразмоўцаў і канкрэтных кантактаў з імі. І пакуль выразнага адказу на гэтае пытанне Кабінет або Офіс Ціханоўскай не дадуць ці пакуль Лукашэнка не пазбавіцца свайго апошняга козыра і не ўступіць у вайну паўнавартасна, я сумняваюся, што нешта зменіцца ў адносінах паміж афіцыйным Кіевам і беларускімі апазіцыйнымі структурамі ў выгнанні.

Встреча Светланы Тихановской и Алексея Арестовича, Вильнюс, 8 сентября 2022. Фото: Фото: пресс-служба Светланы Тихановской
Сустрэча Святланы Ціханоўскай і Аляксея Арастовіча, Вільнюс, 8 верасня 2022 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

— Чаму б Лукашэнку не зладзіць паказальную амністыю і не выпусціць 100−150 самых бяспечных для яго палітвязняў? Чым ён рызыкуе?

— Я думаю, тут ёсць дзве ўзаемазвязаныя праблемы. Першая з іх — базавая. Мы з Лукашэнкам, хутчэй за ўсё, падыходзім да гэтага пытання з розных канцоў. Для нас пытанне, чаму б не выпусціць людзей, — натуральнае. Для яго, як мне здаецца, стаіць іншае пытанне — а навошта канкрэтна іх выпускаць? За 100−150 чалавек Лукашэнка не можа разлічваць ні на якае зняцце або палягчэнне санкцый. Максімум, што ён можа атрымаць — гэта нейкі твіт у Брусэлі, што там заўважылі яго крок і станоўча яго ацэньваюць.

Пакуль ідзе актыўная фаза вайны і Лукашэнка ў ёй суўдзельнічае, застаецца адкрытым пытанне, ці будзе Захад у прынцыпе разглядаць змякчэнне санкцый толькі ў абмен на ўнутраныя саступкі. Пры гэтым я не выключаю, што з нейкіх іншых прычын Лукашэнка можа калісьці наважыцца на вызваленне часткі палітвязняў з гуманітарных меркаванняў, напрыклад цяжкахворых або пажылых, але і там гаворка наўрад ці будзе ісці пра трохзначныя лічбы.

Другая перашкода звязаная з тым, што Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, лічыць, што ён мусіць тлумачыць сваім самым заўзятым і радыкальным прыхільнікам, чаму ён робіць тыя ці іншыя крокі, якія выглядаюць як саступкі. Ён і сам увесь час пра гэта кажа, што, маўляў, нельга зрабіць чагосьці, што не зразумеюць «нашыя людзі». Але нядаўна прыйшло яшчэ адно пацверджанне таго, што для яго гэты аспект сапраўды вельмі важны. У тых, хто бачыў склад камісіі па вяртанні палітэмігрантаў, міжволі ўзнікала пытанне, на што можна разлічваць, прызначаючы ў камісію такіх адыёзных прапагандыстаў або сілавікоў. Ну няўжо гэта схіліць нейкіх эмігрантаў, што вагаюцца, вярнуцца ў краіну і даверыць свой лёс тым, хто яшчэ ўчора заклікаў да масавых расправаў, і тым, хто ажыццяўляў гэтыя рэпрэсіі?

І тут мы ўбачылі, што прыярытэтная мэта была не ў тым, каб пераканаць як мага большую колькасць эмігрантаў вярнуцца, а ў тым, каб, не дай бог, не даць сваім ядзерным прыхільнікам падставы думаць, што цар расслабіўся і пускае ў краіну ворагаў. Маўляў, вось вам камісія з самых бясспрэчных ястрабаў. Ужо яны дакладна не прапусцяць кагосьці з дрэннымі намерамі назад на радзіму. Калі такая логіка працуе з палітычнай амністыяй, то ў абмен на нейкі сур’ёзны, прыкметны крок, якім, вядома ж, было б вызваленне трохзначнай колькасці палітвязняў, Лукашэнка лічыць, што ён мусіць паказаць сваім прыхільнікам, што канкрэтна ён атрымлівае ўзамен на гэта. І тут твіта ад Еўрасаюза або заявы Дзярждэпа ЗША будзе відавочна недастаткова, бо могуць узнікнуць сумневы — а ці не прагнуўся наш правадыр, ці не стаў ён ініцыятыўна, самастойна саступаць Захаду, не дачакаўшыся нейкіх саступак ад яго.

Я, як і вы, лічу, што ніякіх сур’ёзных палітычных праблем вызваленне сотні, ці дзвюх, ці нават трох сотняў палітычных зняволеных Лукашэнку б не стварыла. Тыя самыя прапагандысты, што яшчэ ўчора патрабавалі ўсіх пасадзіць і пакараць, назаўтра спявалі б оды гуманізму свайго прэзідэнта. Але, мяркуючы з усяго, Лукашэнка пасля 20-га года зусім інакш успрымае рызыкі ад таго, што можа здацца праявай слабіны. І гэта стала яшчэ адной сур’ёзнай перашкодай на шляху вырашэння крызісу з палітвязнямі.

Сторонники Александра Лукашенко на митинге возле универмага "Беларусь", Минск, 27 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі на мітынгу каля ўнівермага «Беларусь», Мінск, 27 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

— Закрыццё мяжы паміж Польшчай і Беларуссю выглядае бессэнсоўным, калі літоўскія і латвійскія пераходы працуюць. Які ў гэтым сэнс, акрамя сімвалічнай помсты за прысуд журналісту Пачобуту, якому далі 8 гадоў?

— Тут варта задацца пытаннем, якія яшчэ механізмы ўплыву на Мінск былі ў Варшавы, што былі б такімі ж ці больш сімвалічнымі. Напрыклад, Польшча, вядома, магла выслаць беларускіх дыпламатаў ці выдаць яшчэ адну ноту пратэсту. Але пагадзіцеся, уплыву на паводзіны беларускіх уладаў гэта таксама б не мела. Перакрыццё памежнага пункта ці нават іх усіх таксама не гарантуе вырашэння пытання ў справе Пачобута. Але альтэрнатывай для Варшавы было б ці нічога не рабіць, ці спрабаваць пайсці на нейкія саступкі Мінску, задобрыць беларускую ўладу.

Нічога не рабіць Варшаве было б цяжка, улічваючы кантэкст, а менавіта месяцы антыпольскіх захадаў з боку Мінска, ад закрыцця польскіх школ да разбурэння могілак. Дамаўляцца ці размаўляць з Мінскам Варшава спрабавала, і гэта давала пэўны плён.

У 2021 годзе менавіта так удалося вызваліць трох прадстаўніц польскай меньшасці, але самім вязням трэба было пагадзіцца на ўмовы беларускіх уладаў. Перш за ўсё — з’ехаць з краіны. Пачобут адмовіўся гэта рабіць, і беларуская ўлада не захацела змякчаць сваю пазіцыю. І альтэрнатываў сённяшняй эскалацыі засталося няшмат. І калі ў беларускіх уладаў ёсць шырокі спектр захадаў для магчымага абвастрэння са свайго боку — ад рэпрэсій супраць палякаў у Беларусі да новых правакацый на мяжы з выкарыстаннем мігрантаў, — то ў Варшавы такіх інструментаў аб’ектыўна няшмат.

У выніку яны абралі шлях, які ўжо спрацаваў у 2021 годзе. Тады адной пагрозы закрыць рух цягнікоў праз памежны пераход у Кузніцы хапіла, каб беларускія ўлады прыбралі мігрантаў з мяжы і перамясцілі іх у лагістычны цэнтр у Брузгах. Імаверна, і цяпер польскае кіраўніцтва разлічвае, што пагрозы закрыць апошнія пункты пропуску пад Брэстам змогуць паўплываць на беларускія ўлады і змусіць іх ці да дээскалацыі, то-бок да саступак, ці прынамсі да таго, каб не даваць Польшчы новых нагодаў абвастраць сітуацыю.

Інтарэсы простых беларусаў тут ужо перасталі быць прыярытэтам. Я нядаўна пісаў пра гэта ў калонцы. Калі каротка — мы ўвайшлі ў час, калі дамінуе ваенная логіка прыняцця рашэнняў. Галоўнае тут — знясіліць апанента. А пабочнай шкодзе надаецца нашмат меншая ўвага. І вы маеце рацыю: польскую мяжу можна будзе аб’язджаць праз Літву ці Латвію, прынамсі пакуль. Але выдаткі транспартных кампаній павялічацца. Некаторыя лагістычныя цэнтры на мяжы ўвогуле будуць стаяць пустымі і прыносіць толькі страты. Імідж Беларусі як транзітнай краіны ў вачах азіяцкіх партнёраў яшчэ больш пагоршыцца. Гэта, вядома, не канец свету, але гэта значны эканамічны выклік для беларускіх уладаў. І мы бачым гэта па іх нервовай рэакцыі.

Андрей Почобут в суде, 16 января 2023 года. Фото: ПЦ "Вясна"
Андрэй Пачобут у судзе, 16 студзеня 2023 года. Фота: ПЦ «Вясна»

— Кабінет хоча выдаваць «альтэрнатыўныя пашпарты» для паездак. Што гэта такое і як будзе працаваць?

— У гэтым праекце мне самому яшчэ не ўсё зразумела, і прадстаўнікі Кабінета Ціханоўскай не раскрываюць шмат дэталяў, але, здаецца, гаворка будзе ісці не пра класічны пашпарт дзяржавы, а хутчэй пра нешта больш падобнае да праязнога дакумента. Такія дакументы ўжо выдаюць у Польшчы і Літве. Беларусы, якія легалізаваныя тут, могуць атрымаць гэта як дадатак да свайго ВНЖ. З ідэяй выдаваць пашпарт новай Беларусі ад імені беларускіх дэмсілаў ёсць некалькі тэхнічных і юрыдычных праблем, якія ім давядзецца вырашаць.

Па-першае, незразумела, якая краіна возьме на сябе друк, вытворчасць гэтых пашпартоў і прысваенне ім ніжняга радка, які з’яўляецца машыначытальным і які скануюць ва ўсіх аэрапортах, калі вы даяце пашпарт. Далей узнікае другое пытанне. Дапусцім, яны знайшлі краіну, але каму ўнутры дэмакратычных сіл гэтая краіна даверыць верыфікацыю беларусаў, каб яны маглі прэтэндаваць на гэты дакумент? Як быць упэўненым, што структура грамадзянскай супольнасці, якой будзе даручана верыфікаваць беларусаў, што падаюцца на такі пашпарт, праіснуе год, два, тры? Як пераканацца, што ў яе не праб’ецца агент КДБ ці што там не пачне працаваць нейкая карупцыя?

Далей у поўны рост паўстануць пытанні міжнароднага прызнання, а менавіта: колькі краін будуць гатовыя пускаць беларусаў на сваю тэрыторыю па такім дакуменце? Для чаго яшчэ ён спатрэбіцца, акрамя падарожжаў? Усё гэта каласальны аб’ём працы, і пакуль не да канца зразумела, які на гэты дакумент будзе попыт. Колькі ёсць такіх беларусаў у дыяспары, якія з нейкіх прычын не могуць звярнуцца ў афіцыйныя амбасады, каб памяняць свой пашпарт, і пры гэтым не могуць атрымаць праязны дакумент ад уладаў Польшчы ці Літвы?

У любым выпадку з сімвалічнага пункту гледжання гэта будзе найважнейшае дасягненне беларускіх дэмсілаў, бо яны атрымаюць у свае рукі адносна рэальны інструмент вырашэння зноў-такі рэальных праблем беларусаў замежжа. І яны таксама змогуць нівеляваць эфекты ад таго, што беларуская ўлада будзе забіраць у некаторых з іх грамадзянства. Гэта відавочным чынам узмоцніць суб’ектнасць дэмакратычных сіл, бо краіна, якая прызнае такі дакумент, ускосна прызнае права беларускіх дэмсілаў яшл выдаваць, то-бок прызнае іх легітымнасць.

Такім чынам афіцыйны Мінск пазбаўляецца міжнароднай манаполіі на тое, каб вызначаць, хто з’яўляецца беларускім грамадзянінам, а хто — не. Паступова аб’ём гэтага прызнання таксама можа пашырацца. Беларускія дэмсілы могуць дапусціць да ўдзелу ў нейкіх міжнародных арганізацыях ад імені беларусаў, а таксама ўцягваць у размеркаванне нейкай міжнароднай дапамогі, якая адрасуецца беларускім грамадзянам унутры краіны або ў дыяспары. Акрамя таго, наяўнасць рэальнага занятку дасць структурам апазіцыі адказ на пытанне, навошта яны працягваюць існаваць у эміграцыі столькі гадоў пасля 2020-га. А яшчэ гэта дасць ім моцны стымул перастаць лаяцца, наладзіць устойлівыя механізмы ратацыі і ў прынцыпе павысіць сваю працаздольнасць.