Урад прыняў пастанову, згодна з якой у Беларусь будзе абмежаваны ўезд зарэгістраваным у Польшчы грузавым аўтамабілям і цягачам.
— Рух грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Польшча, цяпер будзе ажыццяўляцца для здзяйснення грузавых аперацый або перачэпкі толькі праз беларуска-польскі ўчастак дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, — паведамляе прэс-служба Саўміна.
Там ўдакладнілі, што рашэнне прынятае ў сувязі з закрыццём польскім бокам з 10 лютага 2023 года аўтадарожнага пункта пропуску «Баброўнікі — Бераставіца».
— Пры гэтым у мэтах раўнамернага размеркавання транспартных патокаў, якія накіроўваюцца з аўтадарожных пунктаў пропуску ў спецыяльна ўстаноўленыя месцы для здзяйснення грузавых аперацый або перачэпкі, для пунктаў пропуску «Казловічы» (беларуска-польскі ўчастак), «Прывалка» і «Беняконі» (беларуска-літоўскі ўчастак), такія месцы дапаўняюцца пунктам мытнага афармлення «Бераставіца-ТЛЦ» і зонай чакання для ўезду ў пункт пропуску «Бераставіца», — удакладнілі ва ўрадзе.
Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
Нагадаем, Беларусь з 16 красавіка 2022 года забараніла заязджаць у краіну аўтаперавозчыкам, зарэгістраваным у ЕС. Дзяржаўны мытны камітэт вызначыў 14 пунктаў пропуску, праз якія еўрапейскія грузавікі могуць рухацца ў спецыяльна ўстаноўленыя месцы для ажыццяўлення грузавых аперацый і перачэпкі.
Цяпер, як вынікае з пастановы ўрада, польскія перавозчыкі змогуць заязджаць у Беларусь толькі з тэрыторыі сваёй краіны.
Пра адпаведнае рашэнне «ў цывілізаваным ключы» ўжо праінфармаваны часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштаф Ажана, паведаміла беларускае МЗС.
На беларуска-польскай мяжы цяпер працуюць толькі два аўтадарожныя пункты пропуску ў раёне Брэста — «Тэрэспаль» для легкавога транспарту і «Кукурыкі» для грузавога.