Пасля 2020 года беларуская ўлада панасіць усе краіны Захаду і Украіну. Але ніводнай з іх не дастаецца столькі праклёнаў, абвінавачанняў і абраз, колькі Польшчы. І толькі ў адносінах да Польшчы кардынальна пераглядаецца не толькі ранейшая палітыка, але і гістарычныя наратывы. Гэта калонка Юрыя Дракахруста.
Успомнім толькі некаторыя з гэтых палітычных крокаў і тэзісаў прапаганды.
- Абвяшчэнне дня 17 верасня — пачатку далучэння Заходняй Беларусі да СССР — святам — Днём народнага адзінства;
- Кастусь Каліноўскі — польскі бунтаўшчык супраць законнай улады;
- Рэч Паспалітая — дзяржава, якая сістэматычна прыгнятала беларусаў;
- Падпольная антынацысцкая польская Армія Краёва (АК) часоў Другой сусветнай — інструмент генацыду беларусаў;
- Разбурэнне магіл байцоў АК;
- Польшчы варта прадʼявіць рахунак за «шкоду, учыненую польскім панаваннем» у міжваенны перыяд;
- «Трэба разабрацца» з уладальнікамі карт паляка.
Нешта з гэтага ўжо рэалізавана ў практычнай палітыцы, нешта дэкларуе Аляксандр Лукашэнка, нешта агучвае прапаганда ці праўладныя эксперты. Але ў цэлым вымалёўваецца не проста набор рэакцый на нейкія крокі Варшавы, а вельмі сістэмная і паслядоўная стратэгія распальвання нянавісці да суседняй краіны і яе народа.
Цяперашнюю Беларусь вельмі часта называюць рэліктам «саўка». Аднак варта адзначыць, што амаль ва ўсіх пералічаных вышэй дзеяннях і тэзісах беларуская ўлада адыходзіць ад савецкіх наратываў. Згодна з гэтымі наратывамі Каліноўскі — беларускі рэвалюцыянер, змагар з самадзяржаўем, пышна і гучна святкаваць 17 верасня пасля Другой сусветнай вайны ў галаву не прыходзіла, дзейнасць АК проста замоўчвалі, магілы байцоў АК, калі такія былі, не разбуралі. Ну і нейкія рахункі БССР да Польскай Народнай Рэспублікі за міжваенны перыяд былі немагчымыя па вызначэнні.
У яшчэ большай ступені новая палітыка ў дачыненні да Польшчы і беларускай гісторыі, звязанай з Польшчай, уяўляе сабой адыход ад палітыкі, якая праводзілася незалежнай Рэспублікай Беларусь пасля 1991 года, у тым ліку і пры кіраванні Лукашэнкі.
Яшчэ ў 2019 годзе афіцыйны Мінск прыняў удзел у перапахаванні парэшткаў Каліноўскага ў Вільнюсе.
Цяпер пазіцыя мяняецца на 180 градусаў і ў гэтым пытанні, і па ўсім спектры двухбаковых адносін.
Чаму?
Тут можна даваць розныя тлумачэнні. Можна ўбачыць прычыны ў асабістай паланафобіі Лукашэнкі, у яго ўяўленні аб асаблівай датычнасці Польшчы да пратэстаў 2020 года, у капіяванні расійскіх наратываў больш чым стогадовай даўніны, згодна з якімі і Беларусь, і Украіна — поле культурнага і геапалітычнага суперніцтва Расіі і Польшчы.
Усе гэтыя інтэрпрэтацыі маюць права на існаванне. Але больш праўдападобным уяўляецца іншае — Лукашэнка вырашыў выкарыстоўваць для ўмацавання сваёй улады нацыяналізм.
Галоўная яго праблема пасля 2020 года — у тым, што беларусы разлюбілі яго. А як вярнуць іх любоў? Працяг і паглыбленне рэпрэсій узмацняе страх, але зусім не любоў. Аслабіць хватку, даць волю? Ага, і атрымаць новы 2020 год. Павышаць дабрабыт, «карміць лепей»? А за кошт чаго — пад санкцыямі, а цяпер яшчэ і побач з вайной?
Але ёсць яшчэ адзін ключык, які прынамсі можна паспрабаваць. Імя яму — нацыяналізм. І Лукашэнка, і мы ўсё бачым на прыкладзе многіх краін, якая гэта магутная матывацыя. Вораг, чужы гуртуе грамадства, як нішто іншае, прычым гуртуе вакол «сцяга», вакол лідара. Прычым, чужасць гэтага ворага павінна быць яснай і простай: іншая вера, іншая кроў. Ну і пажадана, каб гэтая чужасць мела хаця б некаторую гістарычную падставу.
У 2017 годзе Святлана Алексіевіч сказала: «Дайце ў Беларусь танкі, дайце туды зброю — і там каталікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна». Ад пісьменніка не трэба чакаць дакладнага паліталагічнага аналізу. Але цікава, што Алексіевіч тады не пазначыла гіпатэтычныя сілы супрацьстаяння як багатых і бедных, як адукаваных і неадукаваных, як прыхільнікаў Лукашэнкі і яго праціўнікаў. Яна адзначыла менавіта падзел па веры, пра які у Беларусі ў прастамоўі часам кажуць — паміж верай «польскай» і «рускай».
Тое, што гэты падзел меў і мае вялікі канфліктны патэнцыял, інстынктыўна адчувала пісьменнік Алексіевіч і інстынктыўна адчуваў і адчувае палітык Лукашэнка. І два апошнія гады ён выкарыстоўвае, эксплуатуе, выпускае на волю гэтага дэмана рэлігійна-племянной варожасці. Бо адваротны бок гэтай варожасці — гэта племянное адзінства сваіх супраць «іх», каб племя зноў палюбіла правадыра, трэба, каб узненавідзела іншае племя.
Выбар тут невялікі. Прызначыць на гэтую ролю рускіх — і цяжка, і з Расіі ў адказ прыедуць на танку «дэнацыфікаваць». Габрэі — але іх зусім мала і цкаванне іх можа мець непрыемныя міжнародныя наступствы. Украінцы таксама не вельмі падыходзяць — іх таксама замала, і гістарычныя сваркі і супярэчнасці з імі памятаюць хіба што спецыялісты-гісторыкі. Ну і выбар украінцаў і Украіны на ролю галоўнага ворага псіхалагічна падштурхоўваў бы самога Лукашэнку да ўступлення ў вайну. А ён гэтага якраз ня хоча, ён хоча, каб беларусы яго зноў палюбілі. За тое, што ён уплішчыць іх у вайну з Украінай, яны яго не палюбяць дакладна.
Ну, а палякі на ролю ворага падыходзяць ідэальна. Досыць моцная краіна, але звязаная рознымі міжнароднымі абавязаннямі, каб на стратэгію нянавісці адказаць сілай. З ёй і з яе народам і праўда гістарычна складаныя адносіны. Складаныя не значыць, што толькі і выключна кепскія. Але спрэчныя і цёмныя аспекты двухбаковых адносін можна акцэнтаваць, узмацніць, падкрэсліць, чым беларуская прапаганда і займаецца.
Праўда, поспехі пакуль сціплыя. Распаліць полымя нацыяналізму ў беларускіх масах у найноўшай гісторыі не ўдавалася нікому. І зусім невідавочна, што ўдасца і Лукашэнку зараз. Акрамя ўсяго іншага, таму што не яго гэта, неарганічна для яго. Ён усё ж занадта савецкі чалавек для такой гульні.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.