У пасёлку Першамайск Уздзенскага раёна зноў прадаюць частку былога маёнтка Кухцічы старажытнага шляхецкага роду Завішаў — правы флігель сядзібнага дома, паведамляе «Мінскаблмаёмасць».
Пабудова неакласічнага стылю адносіцца да першай паловы XIX стагоддзя. Яе праект быў распрацаваны адным з самых модных архітэктараў свайго часу — Карлам Спампані (у 1779−1783 гг. — прыдворны архітэктар Радзівілаў, аўтар сядзібы і сядзібнага парку ў маёнтку Радзівілаў «Радзівілімонты» пад Нясвіжам). Да нядаўняга часу ў будынку размяшчаўся музей установы адукацыі «Уздзенскі дзяржаўны каледж».
Правядзенне таргоў прызначылі на 25 красавіка 2024 года. У выпадку неабходнасці змены мэтавага прызначэння нерухомай маёмасці яго можна выкарыстоўваць для адміністрацыйных, грамадскіх, жылых аб’ектаў, прадпрыемстваў па абслугоўванні насельніцтва.
Пачатковы кошт зніжаны на 80% і складае 15 660 беларускіх рублёў.