«Украіне патрэбны план аднаўлення, і яна яго заслугоўвае, свайго роду план Маршала, які калісьці дапамог Заходняй Еўропе акрыяць ад Другой сусветнай вайны», — пісаў у красавіку 2022 года тагачасны прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс. А ўжо ў ліпені больш чым 40 краін далі фармальны старт падрыхтоўцы аналага плана Маршала для Украіны, падпісаўшы Луганскую дэкларацыю (сярод іншага ў ёй акрэсленыя ўмовы для будучага вылучэння грошай, у тым ліку на барацьбу з карупцыяй і іншыя рэформы ва Украіне). Некаторыя эксперты кажуць і пра неабходнасць распрацоўкі такога праекта для Беларусі. Расказваем, чым быў план Маршала, хто яго распрацаваў, як яго ідэі рэалізоўваліся на практыцы і наколькі ён дапамог Еўропе.
Хто такі Маршал і чаму яго план быў так важны
Неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у красавіку 1948 года, прэзідэнт ЗША Гары Трумэн падпісаў «Праграму аднаўлення Еўропы», якая атрымала неафіцыйную назву «план Маршала». Менавіта пад ёй дакумент і ўвайшоў у гісторыю. Так было ўвекавечанае імя Джорджа Кэтлета Маршала-малодшага — чалавека, які прапанаваў такую дапамогу. Ён нарадзіўся ў 1890 годзе. Пасля заканчэння ваеннага інстытута служыў на Філіпінах і ў Кітаі, ваяваў на фронце і ўдзельнічаў у планаванні аперацый падчас Першай сусветнай.
У 1933-м прэзідэнтам ЗША стаў Франклін Рузвельт, які абвясціў праграму «новага курсу» — апошняя мусіла дапамагчы пераадолець наступствы Вялікай дэпрэсіі, што моцна ўдарыла па Штатах. Маршал прыклаў руку да рэалізацыі аднаго з найважнейшых элементаў праграмы — стварэння Грамадзянскага корпуса аховы навакольнага асяроддзя. Вялікая дэпрэсія прывяла да росту беспрацоўя (асабліва ў асяроддзі моладзі). Каб вырашыць гэтую праблему, былі створаныя ваенізаваныя лагеры для амерыканцаў ва ўзросце ад 17 да 28 гадоў. Гэтыя людзі будавалі і рамантавалі дарогі, чысцілі лясы, забяспечвалі парадак вакол вадаёмаў і займаліся іншымі работамі, атрымліваючы за гэта харчаванне і адзенне, медыцынскую дапамогу, а таксама непасрэдна аплату за працу. Працай Грамадзянскага корпуса на паўночным захадзе краіны кіраваў менавіта Маршал.

1 верасня 1939 года, у дзень пачатку Другой сусветнай вайны, ён стаў начальнікам штаба арміі ЗША — гэта адна з ключавых пасадаў у вайсковай іерархіі Штатаў. Чалавек, які яе займае, ажыццяўляе нагляд за падраздзяленнямі і арганізацыямі арміі. У першай палове трыццатых начальнікам штаба быў генерал Дуглас Макартур, які пасля прыняў капітуляцыю Японіі. А пераемнікам Маршала стаў Дуайт Эйзенхаўэр, у будучыні — кіраўнік саюзных войскаў і прэзідэнт ЗША.
На гэтай пасадзе Маршал браў удзел ва ўсіх найбуйнейшых форумах, арганізаваных саюзнікамі (у тым ліку ў Тэгеранскай, Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцыях). У 1942-м ён выступаў супраць высадкі дэсанту саюзнікаў у Паўночнай Афрыцы, аддаючы перавагу атацы праз Ла-Манш. Такім чынам, военачальнік настойваў на як мага хутчэйшым адкрыцці Другога фронту ў Еўропе.
У лістападзе 1945 года Маршал выйшаў у адстаўку ў званні генерала арміі (найвышэйшае ў краіне). Пераемнік Рузвельта, Гары Трумэн, прызначыў яго сваім прадстаўніком у Кітаі. А ў студзені 1947-га — дзяржаўным сакратаром ЗША (аналаг пасады міністра замежных справаў).
На той час ад былога сяброўства паміж саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне не засталося і следу. 5 сакавіка 1946 года былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль канстатаваў у сваёй знакамітай Фултанскай прамове з’яўленне жалезнай заслоны, «што выцягнулася ўпоперак еўрапейскага кантынента».
Але яшчэ раней, 22 лютага 1946 года, дарадца амбасады ЗША ў Маскве, перакананы антыкамуніст Джордж Фрост Кенан, адправіў у Вашынгтон «доўгую тэлеграму Кенана» на некалькі тысяч словаў. У ёй дыпламат заявіў пра поўную немагчымасць мірнага суіснавання ЗША з СССР і неабходнасць стрымліваць камунізм, а таксама заклікаў процідзейнічаць спробам Саюза пашырыць сферу свайго ўплыву. Тэлеграма стала, па сутнасці, дарожнай картай дзеянняў амерыканскага кіраўніцтва ў дачыненні да СССР на наступныя гады і адным з каталізатараў пачатку халоднай вайны.
Каштоўнасці ЗША і СССР сапраўды былі несумяшчальнымі. Таталітарны СССР і цалкам залежныя ад яго краіны Усходняй Еўропы аб’ядноўвалі камуністычная ідэалогія і планавая эканоміка, якія Масква якраз пачынала ўкараняць. Захад, які арыентаваўся на ЗША, уяўляў сабой у асноўным дэмакратычныя краіны з рынкавай эканомікай.

Але еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку заходнія, былі бедныя: менавіта на іх тэрыторыі праходзілі баявыя дзеянні Другой сусветнай вайны, менавіта яны падвергліся разбурэнням з боку нацыстаў (а потым і саюзных войскаў падчас вызвалення). «Калі войскі саюзнікаў вызвалілі Грэцыю, яны ўбачылі, што, адыходзячы, немцы разбурылі фактычна ўсе жалезныя і шашэйныя дарогі, партовыя збудаванні, камунікацыі і гандлёвы флот. Больш чым тысяча вёсак была спаленая. Жывёлагадоўля і хатняя птушка амаль зніклі. Інфляцыя знішчыла практычна ўсе зберажэнні», — казаў у сакавіку 1947 года Трумэн, выступаючы з заклікам да Кангрэсу ЗША дапамагчы Грэцыі і Турцыі.
Дапамога гэтым краінам патрабавалася не толькі для аднаўлення іх эканомікі. Пасля вызвалення Еўропы саюзнікі ўмоўна падзялілі кантынент на дзве часткі па сферах уплыву. Але Савецкі Саюз хутка парушыў правілы гульні. Ужо ў 1946-м Масквазапатрабавала ад Турцыі сумеснага кантролю над чарнаморскімі пралівамі і размяшчэння ў гэтай зоне савецкіх вайсковых базаў, а таксама пачала дапамагаць грэцкім паўстанцам-камуністам, якія змагаліся з урадам у Афінах. Пры гэтым абедзве краіны не ўваходзілі ў савецкую сферу ўплыву. Нестабільная эканамічная сітуацыя ў еўрапейскіх краінах часткова прыводзіла да росту сімпатый насельніцтва да камуністаў.
Таму ў адказ ЗША абвясцілі пра палітыку стрымлівання (таксама вядомая як «дактрына Трумэна»), якая ўключае ў сябе дапамогу Грэцыі і Турцыі. «Насенне таталітарных рэжымаў распаўсюджваецца і прарастае ў злоснай глебе беднасці і барацьбы. Яны дасягаюць свайго поўнага росту, калі надзея людзей на лепшае жыццё памерла. Мы мусім падтрымаць гэтую надзею», — заявіў Трумэн. Такім чынам эканамічная дапамога саюзнікам у Еўропе мусіла перашкодзіць распаўсюду там камуністычных ідэй і падтрымаць неакрэплыя дэмакратыі.
Як СССР і краіны сацблока адмовіліся атрымліваць дапамогу ад ЗША
Але дапамога толькі дзвюм краінам — Грэцыі і Турцыі — выглядала відавочна недастатковай. Прамова амерыканскага прэзідэнта прагучала 12 сакавіка 1947-га, а за некалькі дзён да гэтага Маршал прыбыў у Маскву на чарговую сесію Савета міністраў замежных справаў (СМЗС). Гэты міжнародны орган з’явіўся ў выніку рашэння Патсдамскай канферэнцыі. У яго кампетэнцыю ўваходзіла падрыхтоўка мірных дамоваў саюзнікаў з Германіяй і яе сатэлітамі, а таксама разгляд іншых пытанняў, перададзеных урадамі краін-саюзніц (у тым ліку што да далейшага лёсу былога Трэцяга рэйха). Але ўдзельнікі канчаткова разышліся па пытанні палітыкі ў дачыненні да будучыні Германіі.
На Парыжскай канферэнцыі ў чэрвені-ліпені 1946 года (гэта была адна з сесій СМЗС) ускрыліся супярэчнасці паміж саюзнікамі. СССР і Францыя настойвалі на захаванні ранейшага фармату (Германія тады існавала ў выглядзе чатырох акупацыйных зон), ЗША і Вялікабрытанія — на стварэнні на акупаванай тэрыторыі адносна адзінай эканамічнай прасторы. Не здолеўшы дамовіцца, усе пайшлі сваімі шляхамі. Вашынгтон і Лондан абвясцілі з 1 студзеня 1947 года эканамічнае аб’яднанне сваіх акупацыйных зон у двайную зону (Бі-зону, або Бізонію).
Як ужо гаварылася, адна з наступных сесій СМЗС прайшла ў Маскве ў сакавіку-красавіку 1947 года. Але яна не прывяла да практычнага выніку. Вярнуўшыся з гэтай сустрэчы ў ЗША, Маршал выступіў з радыёзваротам, у якім праінфармаваў амерыканскую нацыю пра вынікі форуму. У сваім выступе ён выказаўся за дапамогу Еўропе. «Пацыент тоне, пакуль дактары раяцца», — заявіў тады Маршал. Сапраўды, многія еўрапейцы па-сапраўднаму галадалі і не мелі прытулку ад суровай зімы, іх гарады ляжалі ў руінах.
Дакладных планаў на доўгатэрміновую перспектыву ў ЗША не было. Таму дзяржсакратар сабраў тузін экспертаў і даў ім два тыдні, каб распрацаваць план дапамогі Еўропе. Яны выканалі гэтае даручэнне. Маршал скарыстаўся іх нарыхтоўкамі, каб выступіць у чэрвені 1947 года ў Гарвардскім універсітэце — найстарэйшай ВНУ ЗША.
«Калі кажуць пра патрэбу аднаўлення Еўропы, то правільна ацэньваюць маштабы людскіх стратаў, відавочнае разбурэнне гарадоў, заводаў, шахт і чыгунак, аднак за апошнія месяцы стала ясна, што гэтае відавочнае разбурэнне, імаверна, мае менш сур’ёзны характар у параўнанні са зрухамі ў самой структуры еўрапейскай эканомікі. Апошнія дзесяць гадоў умовы былі ў найвышэйшай ступені ненармальнымі. Ліхаманкавая падрыхтоўка да вайны ахоплівала ўсе аспекты народнай гаспадаркі. Машыны выпрацавалі свой рэсурс або цалкам састарэлі. Згодна з разбуральным для эканомікі нацысцкім законам, фактычна кожнае прадпрыемства было прыстасаванае да патрэбаў нямецкай ваеннай машыны. Найстарэйшыя камерцыйныя сувязі, прыватныя ўстановы, банкі, страхавыя кампаніі і параходства зніклі ў выніку спусташэння, паглынання або нацыяналізацыі. Дзелавыя структуры Еўропы цягам вайны прыйшлі ў поўны заняпад. Аднаўленне было сур’ёзна затрыманае тым фактам, што праз два гады пасля завяршэння ваенных дзеянняў мірнае пагадненне з Германіяй і Аўстрыяй дагэтуль не падпісанае», — заявіў Маршал.

Ён дадаў, што амерыканская палітыка «скіраваная не супраць нейкай краіны ці дактрыны (апошняе, як выявілася пазней, не зусім адпавядала рэчаіснасці. — Заўв. рэд.), а супраць голаду, галечы, адчаю і хаосу. Яе мэтай мусіць быць адраджэнне сусветнай эканомікі, каб з яе дапамогай стварыць такія палітычныя і сацыяльныя ўмовы, у якіх могуць існаваць свабодныя ўстановы». Ён прапанаваў, каб да гэтай дапамогі далучыліся і іншыя краіны.
Разам з тым у выступе Маршала пакуль не было падрабязнасцяў пра запланаваную дапамогу і пра краіны, якія змогуць яе атрымаць. Гэта было зроблена свядома. Дзяржсакратар не хацеў, каб на выступе прысутнічалі рэпарцёры (хоць і падрыхтаваў на ўсялякі выпадак стрыманы прэс-рэліз). Ён спадзяваўся, што першае абмеркаванне плана пройдзе ў Еўропе, а не ў ЗША. Маршал непакоіўся, што калі першымі пра яго напішуць амерыканскія журналісты, то кампанія не зможа разгарнуцца напоўніцу.
17−18 чэрвеня 1947 года міністры замежных справаў Францыі і Англіі абмеркавалі ў Парыжы заяву, зробленую раней Маршалам. Дыпламаты сышліся на тым, што да абмеркавання трэба падключыць і СССР. У першы ж дзень сустрэчы брытанскі амбасадар у Маскве наведаў міністра замежных справаў Вячаслава Молатава і перадаў яму гэтую прапанову. Неўзабаве з’явілася і афіцыйная нота: прапаноўвалася склікаць нараду трох міністраў замежных справаў. 22 чэрвеня савецкія ўлады адказалі згодай.
27 чэрвеня адкрылася Парыжская нарада трох міністраў замежных справаў, якая доўжылася да 2 ліпеня. Ад СССР у ёй узяў удзел Молатаў, ад Англіі — Эрнэст Бевін, ад Францыі — Жорж-Агюстэн Бідо. Іх пазіцыі разышліся. Парыж і Лондан падтрымалі прапанову з-за акіяна і былі гатовыя прыняць дапамогу ЗША. Гаворка таксама ішла пра стварэнне «кіроўнага камітэта», які будзе каардынаваць дзеянне праграмы і выплату сродкаў. СССР выступіў супраць, баючыся ўзмацнення Злучаных Штатаў.

Тады 4 ліпеня Вялікабрытанія і Францыя даслалі запрашэнне іншым еўрапейскім дзяржавам прыбыць на нараду па гэтым жа пытанні, адкрыццё якой было запланаванае ў Парыжы на 12 ліпеня. Выключэннем стала Іспанія, якая падчас вайны прытрымлівалася афіцыйнага нейтралітэту (і ўскосна дапамагала Гітлеру), а таксама шэраг невялікіх плошчай і насельніцтвам дзяржаваў накшталт Андоры.
Меркавалася, што амерыканская дапамога можа быць аказаная ўсім — незалежна ад таго, у чыю зону ўплыву ўваходзілі краіны-рэцыпіенты. Але большасць усходнееўрапейскіх краін, якія ўваходзілі ў зону ўплыву СССР, адмовілася ад паездкі. Так зрабіла і Фінляндыя, якая баялася свайго суседа (асабліва пасля «зімовай вайны», падчас якой Хельсінкі страціў частку сваёй тэрыторыі).
Польшча і Чэхаславакія хацелі далучыцца да плана Маршала, але сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам з боку Крамля. На перамовах у сталіцы СССР Іосіф Сталін запатрабаваў ад Чэхаславакіі адмовіцца ад удзелу ў плане. Міністр замежных справаў гэтай краіны Ян Масарык запярэчыў, што чэхаславацкая прамысловасць залежная ад Захаду і мае патрэбу ў крэдытах. Савецкі дыктатар страшна раззлаваўся і стаяў на сваім: «Мы і наш народ гэтага не зразумеем. Вам трэба адмовіцца, і неадкладна!» Вярнуўшыся ў Прагу, Масарык сказаў сябру: «Я ад’язджаў у Маскву міністрам замежных справаў, а вярнуўся сталінскім халопам. Багеміі канец (у гэтым кантэксце Багемія — састарэлая нямецкая назва Чэхіі. — Заўв. рэд.)». У наступным годзе ў краіне адбыўся дзяржаўны пераварот, а Масарык пайшоў з жыцця — як мяркуецца, ён быў забіты на загад Масквы.
А вось лаяльнасць Польшчы СССР проста купіў. Пасля перамоваў з прэм’ер-міністрам Юзафам Цыранкевічам бакі дамовіліся пра наступнае. У абмен на адмову ад удзелу ў плане Маршала Масква дала Варшаве пяцігадовае гандлёвае пагадненне на мільярд даляраў плюс крэдыт на 450 мільёнаў даляраў (як адзначала выданне The Time, найбуйнейшы на той момант з калі-кольвек даваных Савецкім Саюзам) і неадкладна паставіла 200 тысяч тон савецкага збожжа краіне, што тады галадала. Акрамя таго, СССР паабяцаў даць Польшчы электраабсталяванне, пабудаваць хімічныя і аўтазборачныя заводы, буйны сталеліцейны завод. І гэта пры тым, што еўрапейская частка Саюза пасля вайны сама была ў разрусе.
«Існуе велізарная розніца паміж планам Маршала і брацкай дапамогай СССР. СССР дае нам тое, у чым мы сапраўды маем патрэбу», — рапартавала Варшаўскае радыё.
Рэалізацыя плана і яго вынікі
Такім чынам, Парыжская нарада (12−15 ліпеня 1947-га) прайшла без краін Усходняй Еўропы. У ёй узялі ўдзел 16 дзяржаваў: Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Партугалія, Турцыя, Францыя, Швейцарыя і Швецыя. Яны заключылі канвенцыю пра стварэнне Камітэта еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва (пасля перайменаваны ў Арганізацыю еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва), які мусіў распрацаваць «праграму аднаўлення Еўропы». У жніўні да гэтых краін дадалася яшчэ і Заходняя Германія (якая тады не была самастойнай дзяржавай).

У тым жа жніўні ўдзельнікі канферэнцыі вызначылі агульную суму крэдытаў, неабходную Заходняй Еўропе, а ў верасні іх агульны даклад быў дасланы ў Вашынгтон. У адказ ЗША накіравалі прадстаўнікоў Кангрэса ў Англію, Францыю, Германію, Італію, Аўстрыю і скандынаўскія краіны, каб на месцы вывучыць пытанне пра аб’ём дапамогі. У лістападзе было падлічана, што на чатыры гады на рэалізацыю плана спатрэбіцца 12−17 мільярдаў даляраў (прыкладна 160−230 мільярдаў даляраў у пераводзе на цяперашнія грошы з улікам інфляцыі).
Праграму яшчэ трэба было зацвердзіць у Кангрэсе. Гэта было няпроста: не ўсе амерыканцы пасля доўгай і дарагой вайны хацелі засяроджвацца на еўрапейскіх праблемах. У пачатку 1948 года Маршал і яго намеснік Роберт Ловет пачалі прасоўваць у парламенце дакумент, які атрымаў назву «Праграма аднаўлення Еўропы». Спярша яго неафіцыйна называлі планам Трумэна, але сам прэзідэнт прапанаваў тэрмін «план Маршала» ў гонар заслуг свайго паплечніка.
Дзяржсакратару і яго намесніку вельмі дапамог старшыня сенацкага камітэта па міжнародных адносінах Артур Вандэнберг. Ён падтрымаў план і ўдзельнічаў у нялёгкай закуліснай барацьбе па яго прасоўванні. Многіх кангрэсменаў тады спалохаў рост папулярнасці левых сіл у Еўропе, які адбыўся на фоне эканамічнага крызісу. Яны не хацелі паўтарыць памылку, здзейсненую пасля Першай сусветнай вайны, калі на хвалі праблем у эканоміцы да ўлады прыходзілі камуністы і фашысты. У сакавіку 1948 года «Праграма» была прынятая Кангрэсам, а ў красавіку — падпісаная прэзідэнтам Трумэнам.
План Маршала дзейнічаў з 3 красавіка 1948-га да 30 снежня 1951 года. Пасля гэтага яму на змену прыйшоў «Закон аб узаемным забяспечанні бяспекі», які прадугледжваў магчымасць атрымання як эканамічнай, так і вайсковай дапамогі.
Агульная сума вылучаных грошай склала каля 12,4 млрд даляраў (то-бок крыху больш за 160 мільярдаў «сучасных»). Найбольш атрымалі Вялікабрытанія (2,8 млрд даляраў), Францыя (2,5 млрд), Італія (1,3 млрд), Заходняя Германія (1,3 млрд) і Нідэрланды (1 млрд даляраў).

Амерыканцы ў якасці папярэдняй умовы для атрымання дапамогі ў рамках плана запатрабавалі вывесці камуністаў са складу ўрадаў краін, якія падпісалі дамову. Гэта рэалізавалі на практыцы, у тым ліку ў Італіі і Францыі, дзе ўплыў камуністаў пасля вайны быў дастаткова моцным.
Таксама з усімі краінамі (акрамя Швейцарыі) былі заключаныя двухбаковыя дамовы. Атрымальнікі абавязаліся заахвочваць прыватнае прадпрымальніцтва, ствараць спрыяльныя ўмовы для інвестыцый, зніжаць мытныя тарыфы, падтрымліваць фінансавую стабільнасць, даваць справаздачу пра выдаткоўванне атрыманых грошай. Але пры гэтым нейкая канкрэтная эканамічная мадэль нікому не навязвалася.
Як адзначалі даследчыкі, урад ЗША не даваў грошай наўпрост краінам-удзельніцам, каб яны маглі купіць усё, што, на іх уласную думку, было патрэбнае. Замест гэтага Штаты пастаўлялі тавары. Іх атрымлівалі ўлады краін, якія затым прадавалі амерыканскую прадукцыю прадпрыемствам і прыватным асобам. Апошнія мусілі плаціць даляравы кошт тавараў у мясцовай валюце. Гэта дазваляла эканоміць на камісіі, а назапашаныя на рахунках сродкі маглі быць выкарыстаныя ўладамі ў будучыні. Напрыклад, для інвестыцый у доўгатэрміновае аднаўленне (як гэта адбылося ў Францыі і Германіі) або для пагашэння ваенных даўгоў урада (як у Вялікабрытаніі). Таксама аплата за тавары ў мясцовай валюце дапамагла абмежаваць інфляцыю.
Што непасрэдна адпраўлялася ў Еўропу? Пастаўкі першага віду ахоплівалі прадметы першай неабходнасці. Кожную вясну вылучаліся грошы на прадукты харчавання, паліва, адзенне. Па меры росту ўласных рэсурсаў еўрапейскіх краін гэтыя асігнаванні скарачаліся. Другім відам паставак было прамысловае абсталяванне. Трэцім — сыравіна, сельскагаспадарчыя машыны, прамысловыя тавары, запчасткі.
Важнае месца ў плане Маршала адводзілася Заходняй Германіі. Існаванне асобных акупацыйных зон перашкаджала рэалізацыі праекта. Таму 3 чэрвеня 1948 года французская зона далучылася да згаданай вышэй Бізоніі, якая з гэтага моманту атрымала новую назву — Трызонія. 20 чэрвеня ў трох заходніх зонах прайшла грашовая рэформа: з’явілася нямецкая марка, што было неабходнай умовай для рэалізацыі плана. Гэта справакавала канфлікт з СССР і блакаду Заходняга Берліна, але — у недалёкай перспектыве (1949) — паспрыяла стварэнню на аснове трох заходніх зон Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Ужо ў 1950-м ФРГ дасягнула даваеннага ўзроўню вытворчасці, пасля чаго пачаўся бурны рост. У гістарычнай літаратуры дагэтуль пануе перакананне, што гэтаму паспрыяў план Маршала. Але нямецкі гісторык Вернер Абельскаўзер упэўнены, што гэта міф. Насамрэч вялікая частка замежнай падтрымкі, якую атрымлівала Германія, ішла на Заходні Берлін, які стаў своеасаблівым горадам-дзяржавай, з усіх бакоў аточаным сацыялістычнай і падкантрольнай Маскве ГДР.
У цэлым для пасляваеннай Еўропы план Маршала быў адной з найбольш паспяховых эканамічных праграм, бо былі дасягнутыя практычна ўсе яго мэты. Даследчыкі вылучаюць наступныя поспехі:
- галіны прамысловасці, прадпрыемствы якіх, як здавалася раней, безнадзейна састарэлі і страцілі эфектыўнасць, былі адноўленыя і абноўленыя за кароткі час;
- эканоміка еўрапейскіх краін акрыяла ад наступстваў вайны хутчэй, чым гэтага можна было чакаць;
- еўрапейскія краіны змаглі расплаціцца па знешніх пазыках;
- уплыў камуністаў і СССР у Заходняй Еўропе быў аслаблены;
- быў адноўлены і ўмацаваны еўрапейскі сярэдні клас — гарант палітычнай стабільнасці і ўстойлівага развіцця.
А ЗША атрымалі не толькі палітычныя, але і эканамічныя бонусы. Яны змаглі прыдбаць у асобе еўрапейцаў пакупнікоў сваіх тавараў. А яшчэ — узмацніць свой уплыў у Заходняй Еўропе і зрабіць немагчымым прасоўванне там камуністычных ідэй.
Джордж Маршал у 1953 годзе быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру. Памёр ён праз шэсць гадоў пасля гэтага. Але галоўную справу свайго жыцця здзейсніў — ён не толькі выратаваў Еўропу ад голаду і спыніў прасоўванне камуністычнай ідэі на захад, але і зрабіў сваё прозвішча сімвалам адраджэння. Цяпер любы план па аказанні глабальнай эканамічнай дапамогі звязваюць з яго імем.
Чытайце таксама


