У Гродне моладзевы «флэт» скончыўся крымінальнай справай для адной з трох яго няпоўнагадовых удзельніц: яна выкінула з акна бутэльку і пашкодзіла чужы аўтамабіль, паведамілі ў міліцыі.
Тры гродзенскія школьніцы (дзвюм па 14 гадоў, адной 16) падманулі бацькоў, сказаўшы, што будуць разам рабіць урокі. Замест «дамашкі» яны пайшлі на вечарынку да сваіх знаёмых хлопцаў — тым было ад 20 да 23 гадоў. Пасля высветлілася, што дзяўчаты не папярэдзілі маладых людзей пра свой узрост.
«Упіска» праходзіла на арандаванай кватэры на вуліцы Паповіча. Уначы, калі хлопцы спалі, іх госці ўзялі з лядоўні гарэлку і выпілі. Потым адна з іх вырашыла выкінуць бутэльку, але не ў смеццевае вядро, а ў акно. Тая прызямлілася на капот прыпаркаванага аўтамабіля Geely, прынёсшы шкоду на 1300 рублёў.
На школьніцу завялі крымінальную справу па артыкуле пра хуліганства, а маладых людзей прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за ўцягванне няпоўнагадовых у антыграмадскія паводзіны.