Беларускія добраахвотнікі трэніруюцца за мяжой, каб захапіць Кобрынскі раён, усталяваць там новую ўладу, звярнуцца да NATO і ўвесці войскі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка на Усебеларускім народным сходзе. Ён таксама прыгразіў сваім палітычным праціўнікам у эміграцыі, сказаўшы, што іх родныя пад пагрозай.
Лукашэнка сцвярджае, што за мяжой праходзяць трэніроўкі беларускіх добраахвотнікаў (асобнага ад палка Каліноўскага фарміравання), якім нібыта даюць грошы на ўзброены захоп улады ў Беларусі. Пачаць, паводле палітыка, збіраюцца з Кобрынскага раёна.
— Галоўнае — гэта ўзброеная барацьба. Вось іх трэніруюць, [даюць] зброю, мэту — хаця б захапіць нейкі, не ведаю, чаму выбралі, Кобрынскі раён, — сказаў палітык.
Пасля гэтага, паводле версіі Лукашэнкі, байцы збіраюцца абвясціць у захопленым раёне сваю ўладу, «звярнуцца да NATO і ўвесці войскі».
— Першымі будуць ісці «дэмакратычныя сілы», другой шарэнгай — войскі NATO, — заявіў ён, але паабяцаў, што ўварвання ніхто не дапусціць.
Лукашэнка дапусціў, што аперацыя будзе праходзіць паводле таго ж сцэнара, што і нядаўнія рэйды ў Белгародскую вобласць Рускага добраахвотніцкага корпуса, дзе нібыта большасць байцоў — «асобы ўкраінскай нацыянальнасці».
Ён звярнуўся да сваіх палітычных апанентаў у эміграцыі — параіў ім забыць пра сваю маёмасць і заявіў, што іх сваякі ў Беларусі знаходзяцца пад пагрозай праз іх дзейнасць.
— Ужо хачу сказаць вельмі такую радыкальную рэч. Вось усе тыя, хто сёння збіраецца нападаць на Беларусь і рыхтуецца там, не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасць тут ёсць. Раю ўжо забыць пра гэтую ўласнасць, але не стаўце пад удар сваіх сваякоў. Не буду далей працягваць. Ведаеце, у што гэта можа выліцца, — сказаў ён.
Адзначым, сваякі праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія з’ехалі, ужо зазнаюць рэпрэсіі ў Беларусі. Так, у Магілёве днямі затрымалі дачку палітвязня Рыгора Кастусёва — на камеру жанчыну прымусілі сказаць, што ў 2020 годзе яна «аказвала спрыянне экстрэмісцкаму фармірванню „Вясна“» і зарэгістравалася ў плане «Перамога».
Яшчэ раней у Гродне быў пераведзены на турэмны рэжым стрыечны брат Паўла Латушкі Анатоль, асуджаны на 6 гадоў калоніі.