Беларуска змагла «выбіць» пенсію на 8800 даляраў. Ёй давялося прайсці праз суд, каб давесці сваю рацыю
10 мая 2024 у 1715358900
«Зеркало»
Пасля звальнення беларуска выпадкова высветліла, што магла выйсці на датэрміновую пенсію па ўзросце. Але яе пра гэта не папярэдзілі на прадпрыемстве, дзе яна працавала. У выніку, як высветлілася, яна страціла больш за 28 тысяч рублёў, якія магла атрымаць на той час у выглядзе пенсіі. Гэта вынікае з дакументаў, апублікаваных у банку судовых рашэнняў.
Ганна (імя змененае) шмат гадоў працавала бухгалтаркай на прадпрыемстве, дзейнасць якога звязаная з транспартаваннем нафты. Пасля рэарганізацыі кампаніі яна звольнілася па пагадненні бакоў. Праз нейкі час у жанчыны пачаліся праблемы са здароўем, яна атрымала групу па інваліднасці.
Калі яна звярнулася да сацслужбаў па прызначэнне пенсіі па інваліднасці, то раптам даведалася, што ў гэты час ужо магла атрымліваць такія выплаты, але на іншай падставе - па ўзросце. Яна выхоўвала дзіця з інваліднасцю і мела 25-гадовы стаж працы. Гэта дазваляла ёй датэрмінова выйсці на пенсію - на пяць гадоў раней, вынікае з судовага рашэння.
Але Ганне на працы, з якой яна звольнілася, пра гэта не паведамілі, хоць ведалі пра інваліднасць яе дзіцяці. У выніку, як выявілася, жанчына недаатрымала 28 435 рублёў.
У выніку жанчына пайшла ў суд Полацкага раёна і Полацка. Акрамя пенсіі яна прасіла таксама кампенсаваць 6,8 тысячы рублёў. Гэта розныя выплаты, якія прадугледжаныя па калектыўнай дамове пасля выхаду на заслужаны адпачынак.
У судзе прадстаўнік кампаніі, у якой працавала беларуска, заявіў, што гэта яна сама мусіла звярнуцца з заявай для датэрміновага выхаду на пенсію. А супрацоўніца, адказная за гэтае пытанне, паведаміла ў судзе, што не расказвала Ганне пра магчымасць пайсці на адпачынак па ўзросце раней, «бо разлічвала на яе абазнанасць у гэтым пытанні».
Але, як высветлілася ў судзе, сачыць за тым, што працаўнік можа разлічваць на датэрміновы выхад на пенсію, а таксама падаваць у дзяржорганы адпаведныя дакументы, мусіць менавіта наймальнік. Ён жа нясе матэрыяльную адказнасць перад сваім работнікам за атрыманую ім шкоду, калі гэта не было зроблена.
У сакавіку гэтага года суд вырашыў, што наймальнік мусіць выплаціць Ганне суму, якую яна недаатрымала ў выглядзе пенсіі, а менавіта 28 435 рублёў (або каля 8800 даляраў паводле сярэдняга курсу Нацбанка на сакавік гэтага года). Але ёй адмовілі ў кампенсацыі за недаатрыманыя бонусы па калектыўнай дамове.
Чытайце таксама