«Мноства пераменных». Ціханоўская прадставіла тры магчымыя сцэнары перамен у Беларусі
6 мая 2024 у 1714995600
«Зеркало»
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская назвала тры магчымыя сцэнары пераменаў у Беларусі. Яна загаварыла пра гэта падчас лекцыі пра рэгіянальную стабільнасць і бяспеку ва ўніверсітэце Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, паведамляе «Позірк».
Палітык адразу агаварылася, што «сёння складана прадказаць, як будзе развівацца сітуацыя».
Ціханоўская лічыць, што паводле першага сцэнара, які прадугледжвае перамогу Украіны ў развязанай супраць яе Расіяй вайне, «Беларусь атрымлівае яшчэ адзін гістарычны шанец».
- Чым слабейшы [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін, тым слабейшы [Аляксандр] Лукашэнка. Без падтрымкі Расіі рэжым Лукашэнкі не зможа ўтрымаць уладу, што адкрывае для нас акно магчымасцяў. Таму дапамога Украіне для перамогі ў вайне - наш нацыянальны інтарэс, - канстатавала яна.
Другі сцэнар прадугледжвае «кампраміс або ўгоду з Пуціным, якая замарозіць канфлікт», і такога развіцця падзей, паводле Ціханоўскай, «пажадана пазбегнуць».
- У такой сітуацыі ёсць рызыка, што ў Беларусі захаваецца статус-кво, і яна застанецца пад кантролем Расіі. У абодвух дыктатараў з'явіцца час, каб умацаваць сваю ўладу і падрыхтавацца да новага нападу. Такі сцэнар небяспечны не толькі для беларускай незалежнасці, але і для міру ў рэгіёне, - папярэдзіла палітык.
Трэці сцэнар прадугледжвае надыход перамен у Беларусі да перамогі Украіны. Ціханоўская падкрэсліла, што «рэжым Лукашэнкі значна менш стабільны, чым здаецца».
- Мы не ведаем, што можа паслужыць штуршком: эканамічны крызіс, незадаволенасць насельніцтва ці раскол элітаў, - заявіла яна. - Нават адсутнасць дыктатара цягам нейкага часу стварае вакуум улады і паралізуе сістэму. Такія змены могуць стаць пераломным момантам.
Лідарка дэмсіл падкрэсліла, што «ва ўсіх трох сцэнарах існуе мноства пераменных».
- Мы не ведаем, як і калі адбудуцца перамены. Але мы мусім быць гатовыя скарыстацца магчымасцю, калі яна з'явіцца, - дадала яна.