На дзяржТБ паведамілі, што да мяжы адпраўлены спецназ. У якім кірунку і для чаго (відаць, гэта зрабілі яшчэ раней, а не цяпер)
апублікавана: 5 лютага 2024 в 00.12
абноўлена: 5 лютага 2024 в 02.34
«Зеркало»
Частку брыгады сіл спецыяльных аперацый перакінулі на адзін з участкаў дзяржмяжы на паўднёвым напрамку. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў намеснік камандзіра брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Вадзім Бабілевіч. Пры гэтым ён не ўдакладніў, пра які канкрэтна ўчастак дзяржмяжы ідзе гаворка.
«У цяперашні час нашая брыгада часткай сіл выконвае задачы па ўзмацненні аднаго з участкаў дзяржмяжы на паўднёвым напрамку. Для выканання задач мы забяспечаныя ўсім неабходным узбраеннем і тэхнікай, - сказаў Вадзім Бабілевіч, намеснік камандзіра 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. - У нас усё найлепшае, што ёсць у сілах спецыяльных аперацый на сёння. Гэта ўзбраенне, ваенна-спецыяльная тэхніка, сродкі сувязі і экіпіроўкі, сродкі бронеаховы, а таксама беспілотныя лётныя апараты розных тыпаў, абсталяваныя ў тым ліку цеплавізарамі. З асабовым складам пастаянна праводзіцца інфармаванне пра ваенна-палітычную абстаноўку. Вайскоўцы прафесійна падрыхтаваныя, баявы дух моцны. Мы гатовыя выканаць любыя задачы».
На ўдакладняльнае пытанне, ці наладжаная сувязь паміж сілавымі структурамі, Вадзім Бабілевіч адказаў:
«Па пытаннях выканання задач і абмену інфармацыяй арганізаванае цеснае ўзаемадзеянне з органамі памежнай службы, унутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных справаў, органамі дзяржаўнай улады, раённымі аддзеламі міліцыі, участковымі. Неабходна адзначыць, што вялікую дапамогу нам аказвае мясцовае насельніцтва, якое праінфармаванае наконт магчымых пагрозаў з боку сумежнай тэрыторыі, разумее неабходнасць знаходжання тут нашых падраздзяленняў, праяўляе пільнасць. Мясцовыя жыхары забяспечваюць нас неабходнай інфармацыяй, аказваюць дапамогу ў вывучэнні мясцовасці. Можна з упэўненасцю сказаць, што сёння няма абыякавых у пытаннях гарантавання бяспекі нашай дзяржавы».
Калі канкрэтна спецназ быў перакінуты на «адзін з участкаў дзяржмяжы на паўднёвым кірунку», Вадзім Бабілевіч не ўдакладняў.
Выданне Reform.by звярнула ўвагу, што Бабілевіч практычна слова ў слова расказваў пра ўзмацненне паўднёвай мяжы ў красавіку 2023 года журналістам, якія прыехалі ў прэс-тур у Гомельскую вобласць. Ён таксама казаў: «Нашая брыгада часткай сіл і сродкаў выконвае задачы па ўзмацненні участкаў дзяржаўнай мяжы на паўднёвым напрамку».
Пра ўзмацненне мяжы батальённа-тактычнымі групамі ССА беларускія ўлады паведамлялі ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Гэтыя сілы знаходзяцца на мяжы дагэтуль. У канцы студзеня 2024 года Міністэрства абароны Беларусі дало справаздачу пра выкананне задач па ўзмацненні аховы мяжы.
27 лютага 2022 года Украіна закрыла ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Што да Польшчы, то пункт пропуску «Тэрэспаль - Брэст» - адзіны, які функцыянуе для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на польскім напрамку.
Чытайце таксама