Павышэнне пенсій і дапамог, валютнае новаўвядзенне, рост падаткаў, «пераклічка» дармаедаў. Змяненні лютага
25 студзеня 2024 у 1706155260
«Зеркало»
З лютага вырастуць пенсіі і дапамогі на дзяцей. Таксама ўлады падымуць некаторыя падаткі. У наступным месяцы таксама мусяць абнавіць базу «дармаедаў». «Люстэрка» сабрала змяненні лютага, якія паўплываюць на таўшчыню нашых кашалькоў.
Валютнае новаўвядзенне ад банкаў
Банкі з 1 лютага зменяць патрабаванні да выгляду банкнот, якія хочуць абмяняць іх кліенты. Як чакаецца, у некаторых выпадках абмяняць валюту стане прасцей. Нагадаем, беларусы сутыкаюцца з цяжкасцямі падчас спробы здаць у банкі замежныя грошы і атрымаць наўзамен беларускія рублі. Некаторыя фінустановы адмаўляюцца прымаць банкноты, якія візуальна не выглядаюць пашкоджанымі, то-бок на іх няма нейкіх відавочных дэфектаў.
Перагледзяць памеры пенсій і дапамог на дзяцей
З 1 лютага ў Беларусі перагледзяць памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Рост складзе каля 11,3%. Гэта планавы перагляд памеру дапамог у залежнасці ад змянення сярэдняй зарплаты па краіне за папярэдні квартал. Да прыкладу, дапамога па доглядзе першага дзіцяці да трох гадоў вырасце на 73,5 рубля - да 724,85 рубля.
З наступнага месяца таксама павінныя перагледзець памер аднаразовых выплат у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Ён залежыць ад памеру бюджэту пражытковага мінімуму, але дакладных лічбаў яшчэ не агучылі.
З 1 лютага павысяць працоўныя пенсіі - у сярэднім на 10%. Таксама ў наступным месяцы павінныя перагледзець мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Да прыкладу, сацыяльная пенсія цяпер складае 183,9 рубля.
Павышэнне падаткаў
З лютага вырастуць стаўкі падаходнага падатку для тых, хто здае ў арэнду жыллё, гаражы, машына-месцы. Да прыкладу, у Мінску падаходны падатак за здачу аднаго пакоя паднялі да 47 рублёў (раней было 43,9 рубля). Рост - на 7,1%. Гаворка ідзе пра фізічных асобаў, якія здаюць жыллё без рэгістрацыі ІП. Для абласных гарадоў падатак павысілі да 44 рублёў (было - 41,2 рубля). Рост - на 6,8%.
У лютым таксама падымуць падаткі для рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзібаў.
Абновяць «дармаедскую» базу
У лютым чыноўнікі актуалізуюць базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Тым, хто трапіць у яе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, давядзецца аплачваць па поўных тарыфах газ, ацяпленне і гарачую ваду.
Нагадаем, базу абнаўляюць штоквартал. Дакументы, якія пацвярджаюць працу або навучанне за мяжой, трэба падаць у камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці да 21 кастрычніка, 21 студзеня, 21 красавіка і 21 ліпеня адпаведна.
Чытайце таксама