Падладжваемся пад Расію. Што будзе ў новым законе пра спажывецкія крэдыты і мікрапазыкі
12 верасня 2023 у 1694525940
«Зеркало»
У Беларусі падрыхтавалі праект закона пра спажывецкае крэдытаванне. Ім сярод іншага хочуць адрэгуляваць правілы інфармавання пра ўмовы атрымання крэдытаў і мікрапазык і выплат па іх. Неабходнасць такога дакумента звязаная сярод іншага з гарманізацыяй нарматыўных актаў пра крэдытаванне з Расіяй.
Што гэта за дакумент і навошта ён патрэбны
Праект закона «Пра спажывецкі крэдыт (мікрапазыку)» неабходны для рэгулявання адносін, звязаных з інфармаваннем кліентаў пра спажывецкае крэдытаванне або мікрапазыкі, заяўляюць у Нацбанку. Банк і раней выстаў пэўныя патрабаванні, але асобнага заканадаўчага дакумента, які б рэгуляваў гэтыя пытанні, у нас у краіне не было.
Мэта падрыхтоўкі законапраекта, паводле заявы Нацбанка, - «удасканаленне прававога рэгулявання адносін у галіне крэдытавання і мікрафінансавання фізічных асобаў, забяспечання іх сістэмнага і комплекснага рэгулявання, а таксама павышэнне ўзроўню абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг».
Распрацоўка такога закона «скіраваная таксама на гарманізацыю падыходаў да нарматыўнага рэгулявання крэдытных і некредытных фінансавых арганізацый у Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі». Мяркуючы з усяго, гэта азначае, што беларускае заканадаўства ў гэтым кірунку падладжваецца пад расійскае, бо ў суседняй краіне аналагічны закон дзейнічае з 2013 года.
Абмеркаванне законапраекта, ініцыяванае Нацбанкам, завяршылася 8 верасня. Свае водгукі на форуме для абмеркавання законапраекта пакінулі ўсяго тры карыстальнікі. Імаверна, былі і тыя, хто накіроўваў прапановы наўпрост распрацоўшчыку.
Як паказвае практыка нашай краіны, часцей за ўсё законапраекты пасля грамадскага абмеркавання практычна не мяняюць першапачатковага выгляду. Такім чынам, можна меркаваць, што да парламентарыяў гэты дакумент трапіць практычна ў тым самым выглядзе, у якім яго выносілі на грамадскае абмеркаванне. Тыя ў сваю чаргу прымуць дакумент, хутчэй за ўсё, без асаблівых пытанняў (зноў жа, зыходзячы з практыкі мінулых гадоў). То-бок ужо цяпер з вялікай доляй упэўненасці можна казаць пра тое, што менавіта ўвядзе або зменіць новы законапраект пасля яго прыняцця.
Што прадугледжвае закон
Асноўны акцэнт дакумента скіраваны на максімальнае інфармаванне банкамі і іншымі фінансавымі арганізацыямі кліентаў пра ўмовы крэдытавання (мікрафінансавання), уключаючы разнастайныя падводныя камяні.
У законапраекце прапісаны абавязак крэдытадаўца публікаваць інфармацыю пра спажывецкае крэдытаванне (мікрафінансаванне) на сайце і ў памяшканнях, дзе такая паслуга аказваецца.
У дакуменце прапісалі, што ў дамове пра крэдыт або мікрапазыку акрамя асноўных пытанняў пра аказанне паслугі будзе абавязковая для перадачы кліенту інфармацыя пра абавязанні, якія лягуць на яго плечы. Гэта выразна сфармуляваны памер працэнтаў па крэдыце або пазыцы і парадак іх выплаты, парадак вызначэння зменнай гадавой працэнтнай стаўкі. Для арганізацый, якія даюць мікрафінансаванне (пад імі ў законе маюцца на ўвазе ў тым ліку ламбарды і скупшчыкі каштоўных металаў), стане абавязковай для паведамлення кліенту гадавая працэнтная стаўка, а таксама дзённая або месячная.
Умовы выдачы спажывецкіх крэдытаў і мікрапазык, якія даюцца кліенту на азнаямленне, павінныя выглядаць так, каб яны займалі не больш за адзін аркуш. Іншымі словамі, абмяжоўваецца магчымасць фінансавых арганізацый размываць умовы, што павялічвае рызыку таго, што кліент можа прапусціць нейкі важны момант. А кліент пісьмова пацвярджае, што азнаёміўся з прапісанымі ўмовамі.
Законапраект уводзіць абавязковую ацэнку крэдытаздольнасці крэдытаатрымальнікаў з выкарыстаннем паказчыка пазыковай нагрузкі. Гэта працэнтныя суадносіны сумы штомесячных плацяжоў заяўніка і памеру яго сярэднямесячнага даходу.
Прымаць рашэнне пра выдачу крэдыту будзе толькі банк або фінансавая арганізацыя, а шэраг іншых паўнамоцтваў яны могуць перадаваць на аўтсорс. Але апошнія не могуць браць за гэта грошы з кліентаў.
Таксама ў дакуменце прапісаная магчымасць прадстаўлення крэдытаатрымальнікам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, адтэрміноўкі або растэрміноўкі плацяжоў па дамове спажывецкай пазыкі на тэрмін не менш за тры месяцы. Прычым у праекце закона прапісаныя такія сітуацыі. Гэта смерць мужа або жонкі крэдытаатрымальніка, страта ім працы, прызнанне па законе непрацаздольным, павелічэнне колькасці ўтрыманцаў, а таксама непрацаздольнасць працягласцю 40 дзён і больш.
Чытайце таксама