Памёр паплечнік Лукашэнкі Леанід Козік
6 жнiўня 2023 у 1691298900
«Зеркало»
Учора, 5 жніўня, памёр Леанід Козік, паплечнік Аляксандра Лукашэнкі, які займаў важныя пасады пад ягоным кіраўніцтвам. Пра гэта паведаміла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Леанід Козік нарадзіўся ў 1948 годзе ў Барысаве. Працаваў токарам, шафёрам, інжынерам-тэхнолагам на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання.
У 1977 годзе скончыў БДУ. Быў памочнікам пракурора Барысава, потым - кіраўніком прафсаюзнага камітэта Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання. У 1985−1990 гадах - дырэктар Барысаўскай швейнай фабрыкі.
Затым перамог на першых альтэрнатыўных парламенцкіх выбарах. У 1990−1995 гадах - старшыня камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэце Вярхоўнага Савета XII склікання.
Козік прадстаўляў у парламенце афіцыйны праект Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. 25 жніўня 1991 года галасаваў за абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.
Потым быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Сярод пасадаў чыноўніка: віцэ-прэм'ер (1998−2000), прадстаўнік Беларусі пры Савеце Міністраў Саюзнай дзяржавы (2000−2001), намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (2001−2002).
У 2001 годзе кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык кінуў выклік Лукашэнку і набраў - паводле афіцыйных звестак - на выбарах 15,65%, больш, чым хто-кольвек з апанентаў гэтага палітыка. Але пасля гэтага Федэрацыяй прафсаюзаў ён кіраваў нядоўга. «Пасля выбараў прафсаюзнаму апарату далі зразумець: пакуль Ганчарык кіруе ФПБ, пра дыялог з урадам не можа быць і гаворкі! І тыя, хто ўчора падтрымліваў ідэю вылучэння Ганчарыка, цяпер аднадушна праводзілі яго "на заслужаны адпачынак". Урэшце прафсаюзы былі вымушаныя абраць сваім старшынёй не каго-небудзь, а намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Леаніда Козіка», - пісаў даследчык Аляксандр Фядута.
Козік кіраваў прафсаюзамі да 2014 года. За ім яны, як і ў СССР, сталі адной з апораў улады. Як адзначаў TUT.BY, у тым ліку яны забяспечвалі патрэбную яўку на датэрміновых выбарах і ў асноўны дзень галасавання (гаворка як пра прэзідэнцкія, так і пра парламенцкія выбары).