«Цуды могуць здарыцца, што Расія не пераможа». Сабралі галоўнае з выказванняў Лукашэнкі на сустрэчы з журналістамі
16 лютага 2023 у 1676565300
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка 16 лютага даў прэс-канферэнцыю для замежных і беларускіх СМІ (спачатку збіраліся правесці «Большой разговор», потым адмянілі, потым раптоўна ўсё ж вырашылі зрабіць «разговор» трохі меншы - нібыта па просьбах замежных журналістаў). Палітык адказваў на пытанні больш за тры гадзіны. Мы выбралі з яго выказванняў самае істотнае.
Рэакцыя на закрыццё Польшчай і Літвой пунктаў пропуску на мяжы
Лукашэнка назваў гэтыя дзеянні «эканамічнай правакацыяй» і паабяцаў адказаць - паводле яго словаў, на стале нават «асіметрычныя меры». Пры ён гэтым падкрэсліў, што Беларусь гэтага не хоча, а хоча «сябраваць» з Літвой і Польшчай.
- Проста правакуюць нас. Ну, да пары да часу. Цяпер мы думаем пра тое, як на гэта адказаць. Прынятыя рашэнні. Адкажам мякка спачатку. Не зразумеюць - узмацнім. У нас дастаткова для гэтага рычагоў.
Нагадаем, Польшча з 10 лютага прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі». Пасля гэтага на беларуска-польскай мяжы засталіся толькі два аўтадарожныя пункты пропуску ў раёне Брэста - «Тэрэспаль» для легкавога транспарту і «Кукурыкі» для грузавога. Аднак у Польшчы разглядаюць варыянт поўнага закрыця мяжы.
Гэтыя меры сталі рэакцыяй на асуджэнне журналіста, прадстаўніка польскай меншасці ў Беларусі Андрэя Пачобута. Яму прызначылі 8 гадоў зняволення.
Акрамя таго, з 16 лютага Літва спыніла пропуск грузавых цягнікоў з Беларусі праз памежны пераход «Стасілас - Беняконі». Афіцыйная прычына - адсутнасць там рэнтгенаўскіх сістэм кантролю для выяўлення кантрабанды. Іх абяцаюць паставіць толькі ў канцы 2024 года. Да гэтага цягнікі будуць праходзіць толькі праз пункт «Кяна». Таксама 16 лютага стала вядома, што Літва спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забяспечанні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу.
Адносіны з Захадам і палітвязні
Лукашэнка заявіў, што хоча «нармальных адносін» з заходнімі краінамі, але толькі каб яны «не лезлі ў наш гарод», не перашкаджалі жыць і «не гнулі праз калена». У наяўнасці ў Беларусі тысяч палітвязняў Лукашэнка зноў жа абвінаваціў Захад (хоць менавіта рэпрэсіі, якія праводзяцца рэжымам, і сталі для Захаду прычынай разарваць адносіны).
- Любога «палітвязня» называйце. Мы будзем тлумачыць, што ён здзейсніў, чаму ён там знаходзіцца. Мы як-небудзь тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і палітвязняў не будзе, і іншых праблем у нас не будзе. Вы іх ствараеце, - сказаў палітык. - Мы гатовыя зрабіць усё, што не супярэчыць нашым інтарэсам і інтарэсам нашых саюзнікаў. Калі вы не будзеце нас гнуць праз калена, мы хутка дамовімся.
Вяртанне тых, хто з'ехаў
Лукашэнка патлумачыў, навошта вырашыў стварыць такую камісію для «вяртання і прабачэння» беларусаў, якія з'ехалі. Паводле яго, ён не хоча, каб беларусы «дзесьці боўталіся за мяжой», а хоча, каб яны працавалі на радзіме. Напрыклад, дактары, якія «там нарасхват».
- Я хачу, каб яны жылі тут і працавалі тут. І мы гатовыя дараваць тое, што можна дараваць, - запэўніў Лукашэнка. - Вось такая ў нас дэмакратычная дыктатура.
- Мы зрабілі крок насустрач не толькі сваім унутраным, але і тым, якія збеглі, здзейсніўшы тут правапарушэнні: «Давайце перагорнем старонку, прыходзьце, будзем разбірацца!» - сказаў палітык. Пра які «крок насустрач унутраным» ідзе гаворка, ён не ўдакладніў (а мы такіх крокаў на фоне працягу і ўзмацнення рэпрэсій не заўважылі).
Што да тых, хто з'язджае з краіны з эканамічных прычын, на думку Лукашэнкі, такіх становіцца ўсё менш, а многія вяртаюцца.
- Вы думаеце, што ўсе кінулі Беларусь і ў нас адток спецыялістаў каласальны, - няпраўда. Дарэчы, сёння на Захад у нас ужо не вельмі імкнуцца. Так, вы далярам гэтым зялёным можаце прывабіць чалавека і прыцягнуць таленавітых людзей, напэўна, больш, чым я. Некаторыя людзі на гэта паддаюцца і едуць, але іх становіцца ўсё менш і менш. Таму што яны пачынаюць цаніць сваё, сваю зямлю. І разумеюць, што дзе ён нарадзіўся, там і спатрэбіўся, - мяркуе палітык.
Напад на Украіну з Беларусі і рэгіянальная групоўка войскаў
Лукашэнка чарговым разам заявіў, што Беларусь - мірная краіна і не хоча вайны, і расказаў, як з Украіны на Беларусь (а не наадварот) рыхтавалася нападзенне. Па яго словах, менавіта Украіна хацела развязаць вайну, а падштурхоўвалі яе да гэтага Захад і ЗША.
Лукашэнка таксама запэўніў, што Расія ніколі не прасіла яго ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Але ёсць адна ўмова, пры якой такі ўдзел магчымы.
- Я гатовы разам з расіянамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны зробяць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. Мы ні ў якім выпадку не збіраемся ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Украіны. Калі толькі вы адтуль не здзейсніце агрэсію на тэрыторыю Беларусі.
Тое самае датычыць суседзяў з заходняга боку, якія, паводле Лукашэнкі, нібыта хочуць уцягнуць Беларусь у вайну, каб расцягнуць для Расіі лінію фронту. Палітык прыгразіў ім «страшным адказам» у выпадку агрэсіі.
Паводле словаў Лукашэнкі, расійскія войскі знаходзяцца цяпер у Беларусі не для нападу на Украіну, а для баявога зладжвання з беларусамі ў рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў, каб пры неабходнасці адбіць агрэсію.
- Калі раптам здзейсніцца агрэсія супраць Беларусі, мы з прэзідэнтам Пуціным дамовіліся, гэтая дывізія пераходзіць у маё распараджэнне і ўжо ваюе ў сумеснай групоўцы Беларусі і Расіі, - сказаў Лукашэнка.
- Мы ж не ўтойваем, што сёння вялікая групоўка ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны перакінутая ў Беларусь, - дадаў ён. - Яны ў мяне на аэрадромах. Гэта было маё самае жорсткае патрабаванне: як бы ні было складана ва Украіне, але тое, што прадпісанае ў сумесную групоўку, мусіць быць у Беларусі. Хаця б перыядычна. Ваенныя лётчыкі, калі яны тут знаходзяцца, павінныя трэніравацца. Як амерыканцы лётаюць уздоўж нашай мяжы у Польшчы, так і мы сёння з расіянамі лётаем уздоўж і ўпоперак нашай краіны, трэніруем нашую групоўку. І так далей будзе.
Мабілізацыя ў Беларусі
Паводле словаў Лукашэнкі, пакуль што ў Беларусі абвяшчаць мабілізацыю не збіраюцца.
- Калі мы адчуем пагрозу вайны, мы правядзём мабілізацыю. Пакуль такой пагрозы няма. Але да вайны рыхтуемся ў плане таго, каб на нас не была здзейсненая агрэсія. Вось і ўсё. Беларусы абсалютна ў гэтым плане могуць быць спакойныя.
Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі армія ў мірны час налічвае 75 тыс. чалавек, але ва ўмовах вайны яе колькасць можна ў некалькі этапаў нарасціць да паўмільёна.
Ядзерная зброя
На прэс-канферэнцыі Лукашэнка закрануў тэму магчымага размяшчэння ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі - расійскіх бамбардзіроўшчыкаў, абсталяваных ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі.
- Нам стратэгічная ядзерная зброя не трэба. Мы не збіраемся наносіць удар па Амерыцы і нават па еўрапейскіх краінах. А тактычная ядзерная зброя - гэта пра яе ідзе гаворка, каб былі падрыхтаваныя гэтыя самалёты, якія могуць несці тактычную ядзерную зброю, - сказаў Лукашэнка.
Па яго словах, ужо падрыхтаваныя і самалёты, і падраздзяленне пілотаў.
- З савецкіх часоў у нас і самалёты гэтыя ёсць, якія былі гатовыя да перавозкі гэтага боепрыпасу. А людзей мы хутка падрыхтавалі.
Перамога ў вайне і перамовы пра мір
Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць у тым, што ў вайне пераможа Расія.
- Цуды могуць здарыцца, што Расія не пераможа. Але Расія ніколі не прайграе вайну. Ніколі. І амерыканцы першымі сказалі: у жыцці не было і не будзе, каб ядзерная дзяржава, прытым у ядзерным дачыненні наймацнейшая ў свеце, прайграла гэтую вайну.
Пры гэтым Лукашэнка шматкроць заклікаў Украіну да мірных перамоваў, адзначыўшы, што цяпер яна знаходзіцца «ў больш выгадным становішчы». У якасці пляцоўкі для перамоваў ён, як заўсёды, прапанаваў Беларусь. І нават запрасіў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна прыехаць у Мінск для перамоваў з Пуціным.
- Вось калі ён хоча спыніць вайну, прымем яго. У нас мора міжнародных аэрапортаў. Яго борт нумар адзін тут прызямліцца. Калісьці Клінтан прылятаў на падобным самалёце. І вось тут, у вашай прысутнасці, мы ўтрох (я вам гарантую, што Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сюды прыедзе) сядзем і вырашым усю праблему. Усе праблемы вырашым тут. Гарантуем поўную бяспеку, камфорт. І, галоўнае, ён паляціць адсюль задаволеным. Вось паглядзім, як ён прыляціць, - уяўляў Лукашэнка, гаворачы з амерыканскім журналістам.
Сустрэча з Пуціным
Лукашэнка расказаў, якія тэмы будуць абмяркоўвацца на яго сустрэчы з Пуціным 17 лютага.
- Пытанні бяспекі, абароны будзем абмяркоўваць. Але галоўнае - абмяркуем пытанні і эканамічнага, і ваеннага, і палітычнага характару, якія будуць абмяркоўвацца на Вышэйшым дзяржаўным савеце. Адно з найважнейшых пытанняў: мы ўсё-такі хочам паглядзець, як урады Беларусі і Расіі выконваюць пастаўленыя намі задачы. Перш за ўсё эканамічныя: па энерганосьбітах, адзіным рынку, імпартазамяшчэнні - як фінансуюцца, як рэалізуюцца. І калі мы выйдзем на пытанне нашай сумеснай групоўкі ў Беларусі, вядома, будзем і гэта абмяркоўваць.
Супрацоўніцтва з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі і дыверсіфікацыя
Лукашэнку спыталі, пра што ён вёў перамовы падчас свайго нядаўняга візіту ў ААЭ. Ён адказаў, што шмат гадоў сябруе з прэзідэнтам Эміратаў шэйхам Мухамедам Бен Заідам аль-Нахаянам, і іх перамовы доўжыліся чатыры гадзіны.
- Мы абмяркоўвалі многія пытанні. Ад бяспекі, вытворчасці тэхнікі для супрацьдзеяння сучасным узбраенням, заканчваючы гандлёвымі пытаннямі.
Паводле словаў Лукашэнкі, абмяркоўваліся магчымасці пастаўкі беларускай мікраэлектронікі і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. А таксама ялавічыны. І пытанне адкрыцця дадатковага рэйса з Мінска.
Палітык адзначыў, што разглядае ААЭ як дадатковы пункт апоры.
- Усё больш і больш арабы пачынаюць уплываць на палітыку ў свеце. У Амерыцы ўсё вырашаюць грошы. Калі не ўсё, то многае дакладна. Вельмі ўплывовы Блізкі Усход. Роля іх вялікая цяпер. І адно з пытанняў у гэтым ключы мы з прэзідэнтам Эміратаў абмяркоўвалі. Сёння ідзе ў свеце тэндэнцыя, што з'явіцца новая рэзервовая валюта. А можа, і некалькі.
Што да іншых напрамкаў знешнеэканамічнага супрацоўніцтва Беларусі, то, па словах Лукашэнкі, у пачатку сакавіка будуць перамовы ў Кітаі («Сі Цзіньпін запрасіў»), потым з Іранам, прапрацоўваюцца перамовы з Індыяй. Але расійскі рынак застаецца галоўным.
Дэмакратыя і дыктатура
Лукашэнка запэўніў, што яго не хвалюе, як пра яго думаюць на Захадзе, але, на ягоную думку, хутка там самі «паклічуць дыктатуру», хоць і дэмакратыі там таксама няма.
- Тое, што вы на Захадзе думаеце, што тут дыктатура, - гэта мне ў плюс. Хутка вы самі паклічаце дыктатуру. Яна ў вас ёсць, толькі несправядлівая, скрыўленая, тупая-тупая. Вы ад яе ніколі не адыходзілі: ні ў Амерыцы… А на Захадзе поўная расхлябанасць: там ні дыктатуры, ні дэмакратыі - нічога няма, - мяркуе Лукашэнка.
Тое ж ён адзначыў асобна ў дачыненні да Літвы і Польшчы. На яго думку, палітыкі гэтых краін не кіруюцца нацыянальнымі інтарэсамі падчас прыняцця рашэнняў.
- Гэта дачаснікі. Гэта не дэмакраты і не дыктатары. Яны ведаюць, што іх заўтра выпруць з улады, - сказаў палітык, што кіруе ўжо 29-ы год і які дамогся для сябе магчымасці пажыццёвага кіравання.
- Мы ў Беларусі прымаем рашэнні па тых ці іншых пытаннях і вырашаем тыя ці іншыя задачы. Так, даводзіцца мне або ўмешвацца, або прымаць большасць рашэнняў. Калі вы лічыце гэта дыктатурай, бог з вамі. Гэта не дыктатура. Ніякай дыктатуры тут няма, - заявіў Лукашэнка замежным журналістам.