Што такое рынкавая эканоміка і хто перашкаджае яе развіццю ў Беларусі? Тлумачым
29 снежня 2022 у 1672313160
«Зеркало»
Пасля прайграных выбараў Уінстан Чэрчыль назваў дэмакратыю «найгоршай формай кіравання, калі не лічыць усіх астатніх, што былі выпрабаваныя з цягам часу». Гэтая характарыстыка цалкам дастасоўная і да рынкавай эканомікі. Усе спробы прыдумаць альтэрнатыўныя сістэмы развіцця абярнуліся поўным крахам. Расказваем, што такое рынак, якія рысы яму ўласцівыя, а таксама як ставяцца да яго беларусы і ці можна назваць нашую эканоміку рынкавай.
Гэтым матэрыялам мы працягваем новы праект «Пяць правілаў дэмакратыі». У ім расказваем пра асаблівасці гэтай палітычнай сістэмы. Без чаго дэмакратыя ў прынцыпе не можа існаваць? Што ёсць у беларускага грамадства і чаго яму не хапае для пабудовы паспяховай дэмакратычнай дзяржавы? У нашым праекце мы шукаем адказы на гэтыя пытанні.
Што гэта наогул такое і навошта патрэбнае?
Словазлучэнне «рынкавая эканоміка» ці - каротка - «рынак» выкарыстоўваецца пастаянна. Тым не менш яго поўная характарыстыка вядомая не кожнаму. Таму пачнём з разбору гэтага тэрміна. «Беларуская энцыклапедыя», 18 тамоў якой выходзілі ў дзевяностыя і нулявыя гады, характарызуе яго так: рынак - гэта сістэма арганізацыі эканамічнай дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці формаў уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі.
Калі вельмі спрасціць, то гэта калі вы можаце нешта вырабіць або купіць, арыентуючыся на попыт, а не на ўказку зверху.
Але чаму рынкавая эканоміка важная і што дае грамадству? Прафесар Ельскага універсітэта Чарльз Ліндблам гаворыць пра наступныя плюсы:
- дазваляе эфектыўна размяркоўваць эканамічныя рэсурсы;
- забяспечвае гнуткасць у дачыненні да зменлівых умоваў, лёгка адаптуецца да іх;
- аптымальна выкарыстоўвае дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу;
- фармуе стымулы для вытворцаў да інавацый і эфектыўнай працы;
- забяспечвае свабоду выбару спажыўцоў;
- забяспечвае свабоду дзеянняў прадпрымальнікаў;
- дапамагае задавальняць разнастайныя патрэбы;
- дапамагае павышаць якасць тавараў і паслуг.
Вядома, ёсць і мінусы. Паводле Ліндблама, яны такія:
- нестабільнае развіццё;
- несправядлівае размеркаванне даходаў (багатыя яшчэ больш багацеюць, бедныя - бяднеюць);
- узнікненне манаполій, што прыводзіць да некантралявана высокіх цэн і беспрацоўя (банкруцтва дробных кампаній);
- адмова або абмежаваная вытворчасць грамадскіх дабротаў (прыклад апошніх - паркоўкі, грамадскія дарогі і г. д.);
- вонкавыя эфекты, якія дзеляцца на вытворчыя, спажывецкія і змяшаныя. Прыклад першых - праца хімічнага завода, які злівае ў раку адкіды, што прыводзіць да гібелі рыбы, лоўляй якой займаецца рыбапрамысловая кампанія. Прыклад другіх - шкодныя выкіды завода ў атмасферу, ад якіх пакутуюць мясцовыя жыхары; з гэтага вынікае ігнараванне пытанняў экалогіі і г. д.
Мадэлі рынкавай эканомікі
Праз мінусы рынкавай сістэмы ў яе даводзіцца ўмешвацца дзяржаве. Менавіта яна прымае антыманапольнае заканадаўства, клапоціцца пра экалогію і прыроду, выплачвае дапамогі па беспрацоўі, фінансуе працу сацыяльнай сферы і г. д. Як вы разумееце, гаворка пра дзяржавы ў цэлым. Далёка не кожная з іх (на жаль, Беларусь - не выключэнне) можа пахваліцца эфектыўнымі дзеяннямі ў гэтых сферах.
Ступень умяшання дзяржавы ў рынкавыя адносіны абумоўліваюць розныя мадэлі рынкавай эканомікі. Даследчыкі вылучаюць сем асноўных:
- амерыканскую - самую блізкую да чыстай формы рынку;
- сацыяльна арыентаваную нямецкую. Яна спалучае механізмы рынкавага самарэгулявання і дзяржаўнага ўздзеяння на эканоміку. Бізнес сацыяльна адказны. Дзяржава забяспечвае канкурэнтнасць і кантралюе выкананне ўсталяваных «правілаў гульні», але не ўмешваецца ў рынкавыя адносіны. Мы падрабязна расказвалі пра з'яўленне гэтай мадэлі ў сваім тэксце;
- шведскую, пры якой - пад уплывам сацыял-дэмакратаў, якія знаходзіліся ва ўладзе - мае месца дзяржаўнае рэгуляванне, барацьба з беспрацоўем і выраўноўванне даходаў;
- кітайскую - прадугледжвае сумесныя дзеянні бізнесу і дзяржавы пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, у руках якой захоўваецца ўся палітычная ўлада. Таксама дзяржава кантралюе цэны;
- японскую мадэль «адміністрацыйнага рынку» - дзяржава выступае як кіраўнічая і каардынавальная сіла эканамічнага развіцця, яна ўзгадняе дзеянні з буйным бізнесам;
- індыйскую мадэль «двухсектарнай рынкавай эканомікі» - у ёй побач з развіццём рынку існуюць закансерваваныя элементы традыцыйнай эканомікі ў рамках супольна-каставай сістэмы;
- ісламскую - у ёй важную ролю адыгрывае рэлігія: існуе забарона манаполій, ліхвярства, прымусу да ўгодаў, азарту, прапагандуюцца забарона на бязмэтнае багацце, адказнасць багатых за бедных.
Ці ёсць альтэрнатыва рынку?
У пачатку гэтага тэксту мы ўжо згадвалі выказванне Уінстана Чэрчыля пра дэмакратыю. Тое самае можна сказаць і пра рынкавую эканоміку - нейкіх сур'ёзных альтэрнатываў у яе няма.
У ХХ стагоддзі рынкавую эканоміку супрацьпастаўлялі планавай (або камандна-адміністрацыйнай). Яна добра вядомая многім чытачам, бо функцыянавала ў Савецкім Саюзе. Таксама падобная мадэль са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі выкарыстоўвалася ва ўсходнееўрапейскіх краінах, якія знаходзіліся пад уплывам СССР.
Першапачаткова планавая эканоміка фармавалася як сістэма, нацэленая на мабілізацыю рэсурсаў на мяжы 1920−1930-х гадоў. Яны спатрэбіліся для фарсіраванай індустрыялізацыі і калектывізацыі, што праходзілі паралельна з працэсамі канчатковага афармлення савецкай таталітарнай палітычнай сістэмы.
Планавай эканоміцы быў уласцівы поўны кантроль дзяржавы над цэнамі, рэгуляваннем вытворчасці, колькасці выпусканай прадукцыі, абавязковае размеркаванне выпускнікоў ВНУ і г. д. Пры гэтай сістэме адбылася перамога СССР у Другой сусветнай вайне, былі дасягнутыя поспехі ў ваеннай прамысловасці (ліквідаваная манаполія ЗША на ядзерную зброю) і дасягнутае першынства ў космасе. Але ўзровень жыцця ў Савецкім Саюзе ніколі не быў высокі, а цяжкая прамысловасць увесь час развівалася на шкоду лёгкай.
У 1960-я паказчыкі эканамічнага росту краін з планавай эканомікай сталі істотна ніжэйшыя ў параўнанні з Заходняй Еўропай, а ў 1970-я гады разрыў павялічыўся яшчэ мацней. Савецкі Саюз прамаргаў постіндустрыяльную рэвалюцыю і застаўся ўбаку. У канцы 1980-х яго эканоміка аказалася на мяжы краху.
Не лепшай была сітуацыя ў партнёраў. Найбольш удалай на пэўным этапе здавалася венгерская мадэль. У канцы 1960-х мясцовыя прадпрыемствы змаглі выбіраць пастаўшчыка і заказчыка прадукцыі, была змякчаная манаполія ў знешнім гандлі. Шырока дапускалася малое прадпрымальніцтва. Але першапачатковыя поспехі, якія наблізілі краіну да заходнееўрапейскіх стандартаў масавага спажывання, ужо ў 1970-я змяніліся рэзкім зніжэннем росту ВУП пры росце знешняй запазычанасці.
Яшчэ адзін варыянт - тэорыі рынкавага сацыялізму. Яны прадугледжвалі спалучэнне дзяржаўнай формы ўласнасці і самастойнага прыняцця рашэнняў прадпрыемствамі. Апошнія пры гэтым кіраваліся рынкавымі цэнамі і канкурэнтнымі стымуламі. Іншымі словамі, мела месца нешта сярэдняе паміж рынкам і планавай эканомікай.
Гісторыі вядомыя некалькі спробаў рэалізацыі такіх тэорый:
- «новая эканамічная палітыка» ў СССР 1920-х;
- «югаслаўская мадэль», якая з'явілася ў 1950-я (яе ключавы элемент - «працоўнае самакіраванне» прадпрыемстваў);
- чэхаславацкая канцэпцыя (яе не паспелі паўнавартасна рэалізаваць у 1968-м падчас Пражскай вясны);
- спроба, зробленая ў СССР і краінах Усходняй Еўропы ў канцы 1980-х.
Але ні ў адным выпадку не назіралася доўгатэрміновага станоўчага эфекту. Без прыватнай уласнасці рынкавыя механізмы не працавалі.
У выніку можна заявіць, што эфектыўных альтэрнатываў рынкавай эканоміцы так і не знайшлі.
А што з Беларуссю?
У ХХ стагоддзі беларусы жылі ў рэаліях рынкавай эканомікі два міжваенныя дзесяцігоддзі - гаворка пра заходнюю частку краіны, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. У Савецкім Саюзе ж дзейнічала планавая эканоміка.
Непрацяглы перыяд рынку і абмежаваных рэформаў меў месца ў 1991−1994 гадах пасля распаду СССР і аднаўлення незалежнасці. Але пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі здарыўся разварот, хоць поўнага вяртання да савецкай мадэлі і не адбылося. Нават у першыя гады кіравання гэтага палітыка праводзілася цэнавая лібералізацыя (Нацбанк тады ўзначальваў ліберал Станіслаў Багданкевіч, прэм'ер-міністрам быў Міхаіл Чыгір, які сімпатызаваў гэтым ідэям). Але гэтую палітыку давялося сумяшчаць з патрабаваннем Лукашэнкі павялічыць заробкі, што прыводзіла да велізарнай інфляцыі.
Адначасова за ўвесь перыяд кіравання Лукашэнкі назіраюцца спробы дзяржавы рэгуляваць цэны (апошняя па часе - у 2022-м). Неўзабаве пасля прыходу да ўлады палітык згарнуў першыя нясмелыя спробы прыватызацыі. А ў 1995-м ён вызначыў, што толькі ён можа прымаць рашэнні пра продаж буйных прадпрыемстваў. У выніку ў тым годзе форму ўласнасці змянілі 53 прадпрыемствы супраць 184 у 1994-м і 140 у 1993-м. Прычым акцыянаванне зусім не меркавала змены ўласніка - у большасці выпадкаў асноўны пакет акцый застаўся за дзяржавай. Асобныя прадпрыемствы вярталіся ва ўласнасць дзяржавы з дапамогай «залатой акцыі» і валявых рашэнняў Лукашэнкі. Таксама мелі месца нацыяналізацыя прыватных банкаў і пастаянны ціск на прыватны сектар.
Асновай эканамічнага дабрабыту Беларусі сталі цесныя сувязі з Расіяй, якія пагражаюць стратай палітычнага суверэнітэту. Другой ускоснай асновай поспехаў стала шматгадовая практыка эмісійнага крэдытавання - дакладней, уключэнне друкаванага станка. Калі цана нафты для Беларусі набліжалася да рынкавай, а друкаваны станок нарэшце быў выключаны, тэмпы росту эканомікі краіны аказаліся вельмі сціплымі - да 2% у год.
Парадаксальна, што эканоміку краіны пры гэтым нельга назваць антырынкавай. Паводле звестак на 2021 год, прыватны бізнес даваў больш за 50% валавага дабаўленага кошту, каля 60% ад усёй выручкі, а таксама фармаваў больш за 47% ад агульнага аб'ёму таварнага экспарту краіны.
Але і да паўнавартаснага рынку далёка, што выразна зафіксавалі міжнародныя назіральнікі. Пасля распаду СССР Беларусь аўтаматычна атрымала ў спадчыну статус краіны з нярынкавай эканомікай - гаворка пра трактоўку міністэрства гандлю ЗША. У такой кампаніі мы аказаліся не адзінымі. Але з часам Расія, Казахстан, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія паспяхова перагледзелі статусы сваіх эканомік, а Беларусь - не.
У 2019-м беларускі ўрад звярнуўся ў мінгандлю ЗША з просьбай перагледзець статус - ён не даваў на роўных канкураваць з таварамі, вырабленымі ў краінах з рынкавай эканомікай. Але Штаты адмовілі. У наступныя гады ўмяшанне дзяржавы ў айчынную эканоміку яшчэ больш павялічылася. Падставаў гаварыць пра наш рынкавм статус стала яшчэ менш.
Стаўленне беларусаў да рынку
За гады незалежнасці стаўленне беларусаў да рынку сур'ёзна памянялася. Як паказалі дадзеныя апытанняў (яны праводзіліся ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё Кастрычніцкага эканамічнага форуму», які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза), у 2008-м паслядоўных прыхільнікаў планавай эканомікі было ў 2,5 разу больш, чым паслядоўных прыхільнікаў рынку. Праз дзесяць гадоў сітуацыя змянілася радыкальна: «сацыялісты» аказаліся ў меншасці. Калі ўлічыць і тых, хто выступае за частковыя рэформы, то атрымаецца, што палова насельніцтва краіны - гэта прыхільнікі рынкавай эканомікі. Другая палова - гэта прыхільнікі планавых метадаў і «няўпэўненыя» прыкладна ў роўных прапорцыях.
У 2019-м даследчыкі вывучылі стаўленне беларусаў да прыватнага і дзяржаўнага бізнесу.
«На пытанне "Які бізнес эфектыўнейшы" толькі 12,9% рэспандэнтаў адказалі, што дзяржаўны, а 48,6% - што прыватны (астатнія альбо не вызначыліся - 24,9%, альбо лічаць, што паміж дзяржаўным і прыватным бізнесам няма адрозненняў у эфектыўнасці - 13,5%). Прычым прыватны сектар "выйграе" ў дзяржаўнага ва ўсіх узроставых групах, нават у групе людзей, старэйшых за 65 гадоў, якіх прынята лічыць прыхільнікамі традыцыйнай мадэлі эканомікі. Прыватны бізнес выйграе ў дзяржаўнага і ў гарадах, і на вёсцы. Ва ўсіх рэгіёнах. І сярод мужчын, і сярод жанчын. Пры любым узроўні адукацыі. І сярод занятых, і сярод тых, хто не працуе. Незалежна ад роду заняткаў і матэрыяльнага становішча. Прыватны сектар эфектыўнейшы за дзяржаўны - наконт гэтага ў грамадстве дасягнуты безумоўны кансэнсус», - канстатаваў дырэктар Даследчыцкага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. Між тым наяўнасць і свабоднае развіццё прыватнага бізнесу, канкурэнцыя ўнутры яго - адзін з важных элементаў рынкавай эканомікі.
Цікава, што ў эпоху Лукашэнкі рынкавыя элементы або класічны рынак спрабавалі ўводзіць або лабіраваць згаданыя Міхаіл Чыгір і Станіслаў Багданкевіч, пасля іх - урадавы дуэт Міхаіла Мясніковіча і Сяргея Румаса, тандэм былога першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага і кіраўніка Нацбанка Паўла Калаўра. У кожным выпадку асноўнай, а часам і адзінай перашкодай для рэалізацыі на практыцы іх поглядаў станавілася паўсацыялістычныя, або, іншымі словамі, савецкія погляды Лукашэнкі - галоўнага тормазу развіцця рынкавай эканомікі ў нашай краіне.