Лукашэнка прызначыў новага міністра замежных справаў, а таксама камандуючага ВПС і СПА
апублікавана: 13 снежня 2022 в 14.26
абноўлена: 13 снежня 2022 в 15.13
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка 13 снежня прыняў кадравыя рашэнні, паведамляе набліжаны да прэс-службы тэлеграм-канал «Пул первого».
Міністрам замежных справаў Беларусі прызначаны Сяргей Алейнік. Да прызначэння ён працаваў на пасадзе першага намесніка кіраўніка МЗС.
Алейнік нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. З адзнакай скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моваў, праходзіў навучанне ў Дыпламатычнай акадэміі пры МЗС Аўстрыі (1992−1993). Прайшоў вайсковую службу ва Узброеных сілах. З 1992 па 1993 год быў трэцім сакратаром консульскага аддзела Міністэрства замежных справаў Беларусі. Затым два гады кіраваў пашпартна-візавым аддзелам консульскага ўпраўлення МЗС. З 1994 па 1995 год займаў пасаду начальніка аддзела дзяржаўнага пратаколу.
У 1995 годзе Алейніка адправілі кіраваць замежнай установай Беларусі ў Гаазе. З 1996 па 1999 год ён быў дарадцам амбасады Беларусі ў Каралеўстве Нідэрландаў. Пасаду сумяшчаў з крэслам пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў выканкаме арганізацыі па забароне хімічнай зброі.
У 1999 годзе Алейнік вярнуўся ў Мінск. Тры гады ён кіраваў службай дзяржпратаколу, а ў 2002 годзе яго зноў накіравалі за мяжу, гэтым разам у якасці пастаяннага прадстаўніка пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацый у Жэневе. Ён таксама быў амбасадарам Беларусі пры Святым Прастоле, пры Суверэнным Ваенным Ордэне Гаспітальераў Святога Яна Ерусалімскага, Радоса і Мальты.
З 2009 года Алейнік займаў крэсла намесніка міністра замежных справаў, а ў 2013-м яму даручылі прадстаўляць Беларусь у Вялікабрытаніі і Ірландыі. 25 жніўня 2020 года ён вярнуўся ў Беларусь на старую пасаду намесніка кіраўніка МЗС. У лютым 2022 года яго павысілі да першага намесніка ведамства.
Алейнік валодае англійскай і нямецкай мовамі. Жанаты, мае двух сыноў.
Андрэй Лук'яновіч прызначаны камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Раней ён займаў пасаду намесніка камандуючага ВПС і войскамі СПА - начальніка авіяцыі.
- Ну як непублічна можна такіх людзей прызначаць? Таму я вас запрасіў для таго, каб сапраўды гэта было, як гэта прынята ў нашай дзяржаве, - сказаў Лукашэнка, вітаючы Сяргея Алейніка і Андрэя Лук'яновіча.
Андрэй Лук'яновіч раней займаў пасаду начальніка авіяцыі. Нарадзіўся ў Смаргоні, пісала пра яго газета «Звязда». Бацька пайшоў з жыцця, калі ён быў у першым класе. Выхоўвала траіх дзяцей адна маці.
Андрэй Лук'яновіч атрымаў дыплом Балашоўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. 10 гадоў узначальваў 50-ю змяшаную авіяцыйную базу ў Мачулішчах. Ваенны лётчык-снайпер з больш чым 4200 гадзінамі налёту. Старэйшы сын новага камандуючага - цывільны лётчык, лётае на пасажырскім Boeіng 747.
Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні абмеркаваў з імі ўсе нюансы іх будучай дзейнасці на новых пасадах. У прысутнасці цяпер ужо новых міністра і камандуючага ён падпісаў указы аб іх прызначэнні.
Сяргей Алейнік падзякаваў за высокі давер.
- Нялёгка будзе, - заўважыў Лукашэнка.
Нагадаем, раней крэсла кіраўніка МЗС Беларусі займаў Уладзімір Макей. Ён раптоўна памёр 26 лістапада. Мінулы камандуючы ВПС і СПА Беларусі Ігар Голуб быў звольнены ў запас па ўзросце 18 лістапада.