Улады абмяркоўваюць пытанне беларускай мовы і лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў
апублікавана: 8 снежня 2022 в 14.03
абноўлена: 8 снежня 2022 в 16.49
«Зеркало»
Пытанне транслітарацыі геаграфічных назваў і найменняў вуліц у Беларусі разгледзяць 8 снежня на паседжанні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў БЕЛТА кіраўнік адміністрацыі Ігар Сяргеенка. Пазней дзяржагенцтва выдаліла гэтую інфармацыю з сайта і са сваіх сацыяльных сетак.
- Будзе разгледжанае і пытанне транслітарацыі ў геаграфічных назвах вуліц і населеных пунктаў з выкарыстаннем рускай мовы. Цяпер паступаюць звароты грамадзян па гэтым пытанні, і мы вырашылі разгледзець яго і ўнесці яснасць, як далей выкарыстоўваць рускую мову ў назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце, - сказаў Сяргеенка.
Акрамя таго, паводле яго словаў, у парадку дня паседжання будзе і «пытанне экскурсійнай дзейнасці». З 1 студзеня набудзе моц закон, згодна з якім, каб вадзіць экскурсіі, трэба будзе праходзіць дзяржаўную атэстацыю.
- Гэта дазволіць дзяржаве ажыццяўляць кантроль у гэтым кірунку, каб не трапляліся экскурсаводы, якія прапагандуюць незразумела якія каштоўнасці, - заявіў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі.
Нагадаем, трактаванне беларускай гісторыі ў выгадным для цяперашніх уладаў ключы зрабілася адным з важных інструментаў сённяшняй прапаганды. У другой палове 2022 года мішэнню прапагандыстаў стала беларуская лацінка. Яны называюць яе «польска-чэшскімі краказябрамі» і сцвярджаюць, што гэта «нацыяналісты» прыдумалі і ўвялі лацінку, каб зрабіць беларускую мову менш падобнай да рускай і больш падобнай да польскай.
Пры гэтым вядома, што беларускія тэксты пісалі лацінкай яшчэ з XVI-XVII стагоддзяў. Падрабязна пра гэтую правапісную сістэму можна прачытаць у вераснёвым тэксце «Люстэрка».
Цягам восені лацінка стала ў прапагандыстаў і праўладных актывістаў адной з галоўных тэмаў. Толькі ў адной блогеркі Вольгі Бондаравай за апошнія два месяцы ў тэлеграм-канале лацінка згадваецца не менш за 60 разоў.
Менавіта Бондарава і яе паплечнікі адпраўлялі зварот у адміністрацыю Лукашэнкі з патрабаваннем разгледзець пытанне мэтазгоднасці выкарыстання беларускай лацінкі для транслітарацыі назваў вуліц і геаграфічных аб'ектаў у краіне.
У сярэдзіне лістапада аўтары звароту атрымалі адказ пра тое, што прапановы прынятыя да разгляду. У лісце таксама гаварылася, што раней гэтае пытанне ўжо падымалася на паседжанні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы, і было прынятае рашэнне прапрацаваць яго з навукоўцамі і экспертамі.