«Пенсіянеры не мусяць на нас крыўдзіцца». Лукашэнка падпісаў указ аб павышэнні пенсій. На колькі яны вырастуць
10 лiстапада 2022 у 1668068700
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб павышэнні пенсій. Пра гэта паведаміла 10 лістапада яго прэс-служба.
Пытанне падтрымкі пенсіянераў і дзяцей-інвалідаў Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з міністрам працы і сацабароны Ірынай Касцевіч.
- Ведаю, што фонд (ФСАН. - Заўв. рэд.) нібыта нядрэнна працуе сёлета. З нейкім нават прафіцытам. Але што нам, збіраць гэтыя грошы, складаць у скарбонку, асабліва цяпер? Таму я ўжо падпісаў указ аб павелічэнні (пенсій. - Заўв. рэд.). Хоць трошкі, але пенсіі нашым пенсіянерам з 1 снежня на 5−6% павялічым. Хоць павінен сказаць, калі лічыць макраэканамічна ў сярэднім, як гэта робіцца ва ўсім свеце, пенсіянеры не мусяць на нас крыўдзіцца ў сувязі з невялікім павышэннем пенсіі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што да гэтага сёлета пенсіі ўжо павышаліся двойчы: з 1 сакавіка і 1 жніўня.
- Таму гэта ў сярэднім, падкрэсліваю. Гэта вышэй за інфляцыю на сённяшні дзень. Ну, а калі мы яшчэ крок зробім, то гэта будзе ўжо значная перавага перад інфляцыяй. Хоць, ведаеце, пенсіянеры пачуюць сёння мае развагі і скажуць: «Ну, напэўна, не валодае пытаннем, у нас сёе-тое там падаражэла, і не на 10%, а на 20%». Я нездарма падкрэсліў, што маю на ўвазе сярэдняе значэнне, - адзначыў Лукашэнка.
У кантэксце пенсій ён таксама закрануў пытанне павышэння цэн.
- Я разумею, што пенсіянер не купляе брэндавыя нейкія рэчы. Ён жыве сціпла і ў асноўным купляе прадукты харчавання, простую вопратку. І там, можа быць, на нейкія групы тавараў цэны выраслі больш чым на 10%, скажам так… зразумела, што, можа, дзесьці крыху вышэй. Таму і было прынятае рашэнне па рэгуляванні цэн і выпрацоўцы сістэмы цэнаўтварэння. Каб усё ж такі нашы людзі адчулі, што дзяржава бачыць гэтыя праблемы і спрабуе іх вырашыць. У снежні або студзені збяромся і паглядзім, наколькі эфектыўна ўрад і губернатары працуюць у кірунку стрымлівання цэн, - рэзюмаваў Лукашэнка.