«У людзей забралі права выбару, мы яго вернем, адхіліўшы рэжым». Прадстаўнік каліноўцаў — пра абурэнне беларусаў на «легітымнасць»
21 кастрычнiка 2022 у 1666364340
«Зеркало»
Два дні таму прадстаўнікі палка Каліноўскага сустрэліся з дэпутатамі Вярхоўнай рады Украіны з міжфракцыйнага аб'яднання «Дэмакратычная Беларусь». Падчас сустрэчы нардэпы выказалі жаданне супрацоўнічаць з фарміраваннем як «з легітымным прадстаўніком беларускага народа». Гэтая фармулёўка выклікала хвалю незадаволенасці ў сацсетках каліноўцаў. Агульны пасыл абурэння можна звесці да таго, што, пры ўсёй павазе да байцоў, іх беларускі народ не выбіраў, каб яны яго прадстаўлялі. «Зеркало» спытала ў намесніка камандзіра палка Вадзіма Кабанчука, як ён бачыць гэтую сітуацыю.
У Instagram палка пад пастом пра сустрэчу з украінскімі дэпутатамі ўжо сотні каментароў. У значнай частцы з іх - папрок у бок каліноўцаў. Вось некаторыя з іх (захаванае аўтарскае напісанне):
- «Дзякуй за ўсе, што вы робіце! Вы героі Беларусі! Але, вы не з'яўляецеся легетыўнымі прадстаўнікамі беларусаў. У 2020-м мы большасцю галасоў беларусаў выбралі прадстаўніка. І толькі беларусы маюць правы яго змяніць»;
- «Акрамя украінкіх дэпутатаў вас ніхно не абіраў быць нашымі прадстаўнікамі! Нічога не нагадвае? Чакаць ад вас у хуткім часе рэферэндума на Гомельшчыне?»;
- «Каліноўцы, даражэнькія, вы ахаланіцеся там з фармаваннем вайсковай хунты. […] Беларускі народ павінен прадстаўляць абраны лідар, і яна ў нас ёсць. І не Украіне з часткай вайсковых у складзе ЗСУ вырашаць, хто гэты лідар!».
Вадзім Кабанчук адразу папярэджвае, што каментароў пад пастамі не чытаў. З нагоды фармулёўкі пра «легітымных прадстаўнікоў» гаворыць так:
- Нас легітымнымі называе ўкраінскі бок. Гэта ж не мы сябе самі так назвалі. Гэта ацэначнае меркаванне ўкраінскага боку, - не хавае эмоцый суразмоўца. - Як казаў дэпутат Ганчарэнка ў сваім каментары, яны разглядаюць легітымнымі розныя цэнтры сілы, акрамя рэжыму ў Беларусі. І ён у тым ліку называў і Ціханоўскую. Мы абсалютна спакойна да гэтага ставімся і не прэтэндуем на нейкую выключную ролю, што толькі мы і ніхто іншы. У нас пазіцыя такая.
Па словах намесніка камандзіра палка Каліноўскага, калі ў людзей, якія абураюцца ў каментарах, ёсць нейкія пытанні да фармулёўкі аб легітымнасці, то ім варта іх задаваць украінскаму боку. Напрыклад, напісаць электронны ліст у Вярхоўную раду.
- Калі ўкраінцы нас лічаць легітымнымі, мы ж не будзем казаць, што мы не лічым сябе легітымнымі, таму што нас ніхто не выбіраў, - працягвае Вадзім Кабанчук. - Ды і што значыць, нас павінныя былі выбраць? Мы наогул добраахвотнікі, якія прыехалі і ваююць, хто мяне павінен быў выбраць? Куды? Праз якія механізмы? Украінцы гэта проста па факце палічылі, таму што мы аказваем дзейсную дапамогу. Яны так лічаць, і гэта іх пазіцыя.
Суразмоўца адзначыў: ідзе вайна, у яе можа быць уцягнутая Беларусь, і цяпер у палка ёсць больш важныя справы, чым разбірацца ў фармулёўках. Пры гэтым ён не адмаўляе, што ў каліноўцаў ёсць палітычныя амбіцыі.
- Чаму мы пачалі развіваць палітычны кірунак? Таму што нам трэба вырашыць шэраг пытанняў палітычнага характару, якія мы з розных прычын па-іншаму вырашыць не можам. У першую чаргу гэта звязана з тым, што нам трэба пашырацца, што нам патрэбныя нейкія рэсурсы, змены на ўзроўні заканадаўства і гэтак далей. І мы гэтыя пытанні будзем падымаць на двухбаковых кантактах. Прычым не толькі з украінскім бокам, а з рознымі, - тлумачыць Вадзім Кабанчук. - Магчыма, калі ўсё складзецца, то будзе адкрыты і цэнтр грамадска-палітычнага кірунку, не вайсковага. Не выключаю.
- Людзей пакрыўдзіла тое, што зноў за беларусаў усё вырашылі без саміх беларусаў.
- Гэтыя крыўды. У мяне стаж палітычнай барацьбы з рэжымам больш за два дзясяткі гадоў. А некаторыя прачнуліся ў 2020 годзе, і яны адчулі сябе пакрыўджанымі. Ну дык мы ж не супраць, каб гэтыя людзі змянілі рэжым у Беларусі ці прыклалі ўсе намаганні, каб Ціханоўская прыехала ў Беларусь і пачала дзейнічаць як прэзідэнт. Але ні гэтыя людзі ўнутры краіны, ні сама Ціханоўская гэтага зрабіць не могуць.
Крыўдзіцца ці не, працягвае суразмоўца, - гэта пазіцыя кожнага.
- Цяпер можна абстракцыямі гаварыць пра народ, крыўды. Мы робім канкрэтныя рэчы. Мы ваюем. У людзей забралі права выбару, і мы гэтае права ім вернем, калі адхілім рэжым. Людзі пойдуць на ўчасткі галасаваць за сваіх любімых кандыдатаў. За тую ж Ціханоўскую ці іншых.